Аб зацьвярджэньні новай канцэпцыі Міністэрствам адукацыі і навукі РФ распавядае газэта «Коммерсантъ».
Канцэпцыя падрыхтаваная калектывам аўтараў Расейскага гістарычнага таварыства пад кіраўніцтвам дырэктара Інстытуту расейскай гісторыі РАН Юрыя Пятрова. У падзеі вакол сучаснай Расеі ўключаць пашырэньне NATO на ўсход, развал пагадненьняў аб скарачэньні ўзбраеньняў і «адмовы ЗША, NATO і Эўразьвязу ад абмеркаваньня пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Расеі», — піша газэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь усё бліжэй да фашызму і сталінізму», — гісторык Цімафей АкудовічДакумэнт апісвае падзеі ў ключы агульнай рыторыкі Крамля. Пасьля адмовы ад абмеркаваньня пагрозаў, напісана ў ім, адбыліся «ўзброеныя правакацыі і падрыхтоўка ўкраінскім рэжымам сілавога захопу рэспублік Данбасу». Пасьля студэнтам раскажуць аб прызнаньні незалежнасьці данбаскіх сэпаратыстаў, абвяшчэньні «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», пра санкцыйны ціск краінаў Захаду і «спробы ізаляцыі Расеі ад астатняга сьвету».
Аўтары канцэпцыі прапануюць выкладчыкам «пазьбягаць нэгатыўнага ўхілу» пры аповедах аб праблемах і супярэчнасьцях айчыннай гісторыі. Раней газэта прыводзіла ў прыклад разьдзел, прысьвечаны вайне ў Чачэніі: «Чачэнія ў 1990-я гады стала прыстанкам міжнароднага тэрарызму і крыміналу, у ёй ня дзейнічалі расейскія законы. Гэта стала падставай для правядзеньня некалькіх ваенных апэрацый для нармалізацыі жыцьця і аднаўленьня канстытуцыйнага ладу».