Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, магчыма, зноў пераацаніў магчымасьці расейскай арміі, загадаўшы захапіць тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей да сакавіка, піша ў сваёй новай справаздачы амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW).
«ISW ня выявіў ніякіх доказаў таго, што расейскія сілы аднавілі дастатковую баявую моц, каб перамагчы ўкраінскія сілы на ўсходзе Ўкраіны і захапіць больш за 11 300 квадратных кілямэтраў неакупаванай Данецкай вобласьці (звыш 42 адсоткаў агульнай тэрыторыі Данецкай вобласьці) да сакавіка, як, паводле паведамленьняў, загадаў Пуцін», — гаворыцца ў паведамленьні.
«Раней ISW прагназаваў, што вялікі расейскі наступ да красавіка 2023 года, пэўна, заўчасна завершыцца падчас красавіцкага вясновага сэзону дажджоў (калі не раней), перш чым дамагчыся значных апэратыўных вынікаў. Кульмінацыя расейскіх сілаў можа стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб украінскія сілы выкарыстоўвалі іх ва ўласным контранаступе ў канцы вясны ці летам 2023 года пасьля прыцягненьня паставак заходніх танкаў», — дадалі аналітыкі.
Напярэдадні аб тым, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аддаў загад захапіць тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей да сакавіка, паведаміў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Андрэй Чарняк.
Аб гэтым ён расказаў выданьню Kyiv Post, цытуе прэс-служба ГУР. Па словах Чарняка, ёсьць прыкметы падрыхтоўкі Расеі да новай спробы масіраванага наступленьня і захопу ўсходу краіны.
Акрамя таго, прадстаўнік выведкі адзначыў, што Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для падрыхтоўкі мабілізаваных салдатаў і ня мае дастатковых сіл, каб пачаць у найбліжэйшыя тыдні інтэнсіўны наступ ва Ўкраіну на гэтым напрамку.
Данецкая і Луганская вобласьці застаюцца сярод раёнаў найбольш жорсткага супрацьстаяньня. Генэральны штаб УСУ раніцай 3 лютага паведаміў, што напярэдадні Сілы абароны адбілі расейскі наступ каля 10 населеных пунктаў на Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка пужае народ будучыняй. Піша Валер Карбалевіч