Пэнтагон: над ЗША праляцеў кітайскі аэрастат-шпіён

Патрык Райдэр

Зафіксаваны ўсімі службамі ЗША паветраны шар у амэрыканскай паветранай прасторы, хутчэй за ўсё, зьяўляецца лятальным апаратам выведкі з Кітая.

Падазроны кітайскі паветраны «шар-шпіён» ужо некалькі дзён ляціць над Злучанымі Штатамі. Высокапастаўленыя афіцыйныя асобы ЗША параілі прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну не зьбіваць яго, паколькі абломкі могуць стаць небясьпечнымі для людзей і наземных аб’ектаў.

«Урад Злучаных Штатаў выявіў і адсочвае вышынны аэрастат-выведнік, які зараз знаходзіцца над кантынэнтальнай часткай Злучаных Штатаў», — заявіў журналістам афіцыйны прадстаўнік Пэнтагона брыгадны генэрал Патрык Райдэр.

«Цяпер паветраны шар ляціць на вышыні, якая значна перавышае столь для камэрцыйных палётаў, і не нясе ваеннай або фізычнай пагрозы для людзей на зямлі», — дадаў ён.

Сэнатар ЗША Марко Рубіё, галоўны рэспубліканец у сэнацкім камітэце па выведцы, заявіў, што паветраны шар-шпіён выклікае трывогу, але не зьдзіўляе.

«Узровень шпіянажу, накіраванага супраць нашай краіны з боку Пэкіна, за апошнія 5 гадоў рэзка вырас, стаў больш інтэнсіўным і нахабным», — напісаў Рубіё ў Twitter.

Гэтая навіна зьявілася, калі дырэктар ЦРУ Уільям Бэрнс выступаў на мерапрыемстве ў Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне, дзе ён назваў Кітай «самай вялікай геапалітычнай праблемай», зь якой у цяперашні час сутыкаюцца Злучаныя Штаты.

Адносіны паміж ЗША з Кітаем у апошні час напружыліся праз Тайвань, парушэньні правоў чалавека ў КНР і вайсковай актыўнасьці Пэкіна ў Паўднёва-Кітайскім моры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн заявіў, што ЗШA будуць абараняць Тайвань у выпадку кітайскай агрэсіі

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен павінен наведаць Кітай у найбліжэйшыя дні.

Высокапастаўлены прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША, інфармуючы журналістаў на ўмовах ананімнасьці, сказаў, што Злучаныя Штаты «кантралююць» паветраны шар з таго часу, як ён увайшоў у паветраную прастору ЗША пару дзён таму, і назіраюць за ім з дапамогай ваеннай авіяцыі.

Міністар абароны ЗША Лойд Осьцін падчас паездкі на Філіпіны ў сераду склікаў сустрэчу высокапастаўленых чыноўнікаў Пэнтагона для абмеркаваньня інцыдэнту з паветраным шарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імавернасьць канфлікту з Кітаем вельмі высокая, лічыць старшыня Камітэту ў замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША