Камітэт дзяржбясьпекі дадаў яшчэ восем чалавек у «пералік арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», вынікае з абноўленага сьпісу на сайце ведамства.
Сярод іх Андрэй Краўчук (тэрмін пакараньня праваабаронцам невядомы, асуджаны за «распальваньне варожасьці або варажнечы»).
Таксама ў «сьпіс тэрарыстаў» унесьлі асуджаных палітвязьняў:
- старшыня незалежнага прафсаюза на «Беларуськаліі» Аляксандр Мішчук (2,5 года пазбаўленьня волі за «заклікі да санкцый»);
- старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага саюза мэталістаў на Менскім аўтазаводзе Арцём Жарнак (4 гады) і Данііл Чаўнакоў (5 гадоў) (абодвух асудзілі за «заклікі да санкцый, удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»);
- Максім Бас (3,5 года за «распальваньне варожасьці або варажнечы»);
- Дзьмітрый Іванчанка (прыгавор праваабаронцам невядомы, абвінавачаны ў закліках да санкцый, распальваньні варожасьці або варажнечы);
- Міхаіл Нямцоў (3 гады за «распальваньне варожасьці»);
- Юрый Трапачоў (4 гады за «заклікі да санкцый, стварэньне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні, паклёп на прэзыдэнта, распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці, арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Зараз у «сьпісе тэрарыстаў» 1.011 чалавек, у тым ліку 264 грамадзяніны Беларусі.
Напярэдадні КДБ унёс у свой сьпіс сем чалавек: шэсьць асуджаных па палітычных артыкулах беларусаў і аднаго пакістанца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ дадаў у «тэрарыстычны» сьпіс яшчэ 20 чалавек, у ім — Вадзім Пракоп’еў і цэлая сям’я