У Воршы арыштавалі зоаабаронцу, якая ў двары тлумачыла людзям, як абыходзіцца з бадзяжнымі жывёламі

Ворша

2 лютага ў Воршы затрымалі і адразу асудзілі Алену Мірашнічэнку.

Пра выпадак паведамілі аршанскія праваабаронцы.

Алена — вядомая ў Оршы зоаабаронца. Ініцыятыва «Хвосьцікі», у якой удзельнічае Алена, штомесяц дапамагае дзясяткам бадзяжных жывёлаў.

Некалькі дзён таму ёй даслалі позву з пазнакай, што супраць яе завялі адміністрацыйную справу. Алена зьявілася ў міліцыю, і яе арыштавалі, абвінаваціўшы ў правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Адразу ж адбыўся і суд. Алену асудзілі на 15 сутак.

Праваабаронцы мяркуюць, што прычынай затрыманьня стала тое, што Алена ў двары аднаго з дамоў правяла забаўляльна-адукацыйную сустрэчу з жыхарамі дома, каб патлумачыць, як правільна абыходзіцца з бадзяжнымі жывёламі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Воршы арыштавалі за тое, што зьняў на відэа эшалён расейскай вайсковай тэхнікі