Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што дзеяньні расейскай арміі, у тым ліку імаверны новы наступ на Кіеў, цалкам залежаць ад жаданьня расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна даказаць свайму народу, што ён доўгатэрміновы гулец, які ніколі не здаецца.
«Мяркую, што плян Пуціна і ягоных людзей, такіх як і Валерый Герасімаў, новы галоўнакамандуючы расейскай арміяй, палягае ў тым, каб атачыць Украіну. І калі ён рыхтуе ўсе гэтыя пляны, ён, напэўна, думае, што яму трэба атакаваць з двух бакоў або трох розных кірункаў. Таму я думаю, што ўкраінцы ня могуць выключаць нападу зь беларускай поўначы на Ўкраіну, каб Кіеў быў аточаны з захаду», — сказаў Матэвуш Маравецкі ў інтэрвію нямецкаму выданьню Bild.
Кіраўнік польскага ўраду таксама мяркуе, што расейскае кіраўніцтва і камандаваньне для ажыцьцяўленьня новага наступу будуць чакаць спрыяльных умоваў надвор’я, паколькі з прычыны мяккай зімы зямля не прыдатная для перамяшчэньня цяжкіх танкаў і артылерыі.
«Таму Пуцін, напэўна, захоча пачакаць, пакуль высахне ўся гразь, балота і ня вельмі падрыхтаваны грунт для наступу... З усёй інфармацыі, якую я маю з Украіны, я ведаю, што будзе яшчэ адзін расейскі наступ, магчыма, у сакавіку-красавіку, і гэта будзе вельмі цяжкі наступ», — дадаў Матэвуш Маравецкі.
«Я думаю, што ён (Пуцін), на жаль, ня толькі поўны нянавісьці да Ўкраіны, але ён хоча яшчэ раз паказаць свайму народу, што ён доўгатэрміновы гулец, які ніколі не здаецца, і ён зноў будзе атакаваць Кіеў. Так, у мяне такія асьцярогі», — патлумачыў ён.
Прэм’ер-міністар Польшчы нагадаў, што кіраўніцтва Расеі мабілізавала шмат новых салдатаў, «каля 200-250 тысяч».
«Нельга забывацца, што рэсурсы Расеі сапраўды вялікія, а кішэні глыбокія. У іх шмат боепрыпасаў, шмат зброі і шмат людзей», — перакананы ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, апрача Leopard 2, перадасьць Украіне яшчэ 60 мадэрнізаваных савецкіх танкаўПольшча з пачатку вайны перадала Ўзброеным сілам Украіны танкі PT-91 Twardy уласнай вытворчасьці — гэта асноўныя баявыя танкі ўзброеных сілаў краіны. ПТ-91 — мадэрнізаваны варыянт савецкага танка Т-72 з больш магутным рухавіком і сыстэмай кіраваньня агнём.
Гэтая краіна стала адной зь першых, якая заявіла аб намеры перадаць Украіны танкі Leopard.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея пачала інфармацыйную падрыхтоўку да актывізацыі баявых дзеяньняў на поўначы ЎкраіныУкраінская выведка неаднаразова заяўляла, што ня бачыць прыкмет падрыхтоўкі новага наступу з тэрыторыі Беларусі. Гэтай думкі прытрымліваецца і амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW). У сваёй апошняй справаздачы экспэрты інстытуту канстатавалі, што Расея пачала інфармацыйную кампанію для падрыхтоўкі новых вайсковых рэйдаў у паўночна-ўсходнія раёны Ўкраіны, але па-ранейшаму лічаць малаімаверным новы наступ расейскага войска зь беларускай тэрыторыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.