Першапачатковай вэрсіяй здарэньня было кароткае замыканьне электраправодкі, але падчас сьледча-апэратыўных мерапрыемстваў высьветлілі, што машыну падпалілі.
Праз падазрэньне затрымалі мясцовага жыхара, якога за некалькі месяцаў да інцыдэнту пазбавілі правоў кіроўцы за «пʼяную язду». Дзяржаўнае выданьне «Мінская праўда» расказала падрабязнасьці інцыдэнту.
Падазраваны ў падпале і яго ахвяра — амаль суседзі, у Плешчаніцах жывуць на адной вуліцы. У ноч, калі адбыўся пажар, Opel начальніка аддзяленьня ДАІ стаяў каля дома.
Апэратыўнікі выйшлі на 31-гадовага мужчыну, якога летась у лістападзе пазбавілі права кіраваньня за язду на аўтамабілі ў стане апʼяненьня. Рашэньне ў яго справе выносіў Аляксей Трапезьнікаў.
Па вэрсіі сьледзтва, мужчына мірыцца з такім рашэньнем не зьбіраўся. Па зьвестках «Мінскай праўды», пасьля пазбаўленьня правоў ён сказаў начальніку аддзяленьня ДАІ фразу: «Я ж ведаю, на чым вы езьдзіце...».
Пасьля затрыманьня падазраванага апэратыўнікі выяыілі, што ён набраў на запраўцы каністру, абліў гаручым машыну начальніка раённай ДАІ, а затым падпаліў. На яго завялі крымінальную справу за наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і прычыненьне значнай шкоды. Яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салігорскага сьледчага судзяць за махлярства і хабарніцтва