Пра гэта праваабарончы цэнтар паведамляе ў аглядзе, апублікаваным на яго сайце.
Удзел у пратэстах, камэнтары, «экстрэмісцкія» рэпосты: каго і за што затрымліваюць па прыезьдзе ў краіну
Паводле праваабаронцаў, агулам за 2022 год і пачатак 2023 году было затрымана прынамсі 58 чалавек, якія вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы. Зь іх мінімум 10 чалавек былі асуджаныя да пазбаўленьня волі тэрмінам ад аднаго да пяці гадоў калёніі, чатыры чалавекі — да «хатняй хіміі», а супраць яшчэ сямі распачалі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністрацыйных справаў і зьмяшчалі ў ізалятар на «содні», або адпускалі дадому з велізарным штрафам пасьля суду.
«Былі выпадкі, калі людзей затрымлівалі пасьля перасячэньня мяжы. Напэўна, тых, хто зьехаў пасьля 2020-га, занесьлі ў асобную падбазу», — распавёў менчук пра сукамернікаў на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вярталіся на радзіму, а вярнуліся ў турму». Што чакае ў Беларусі тых «зьбеглых», якія павераць абяцаньням ЛукашэнкіЧасьцей за ўсё затрымліваюць па вяртаньні з Польшы або Літвы, таксама вядома пра затрыманьні пасьля прыезду з Украіны, Латвіі, Грузіі і Расеі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ужо дадому.
Звычайна людзей перасьледуюць за камэнтары ў сацыяльных сетках або ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Але адразу затрыманых могуць кідаць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў за «экстрэмісцкія» рэпосты або фота з бел-чырвона-белай сымболікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках. Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі падставай для перасьледу зьяўляўся нават удзел у акцыях салідарнасьці за мяжой.
«Яшчэ са мной сядзеў Аляксей, які вярнуўся з Польшчы. Ён працаваў там і прыехаў да сям’і. Ягоная радня з Гомельскай вобласьці, а ён адразу паехаў у Менск, дзе яго і затрымалі. Запыталіся, за што сядзіць, а ён сказаў, што выходзіў у Варшаве ў 2020 годзе. Знайшлі рэпост у яго нейкі ў той жа Варшаве», — узгадвае былы арыштант Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завабіць, каб кінуць за краты. Пастка вяртаньня ў БеларусьПрычыны для вяртаньня ва ўсіх розныя: некаторыя вяртаюцца, каб зрабіць пашпарт або візу, хтосьці едзе на лячэньне або наведаць блізкіх, а некаторыя на пахаваньне сваякоў.
Так, напрыклад, у сярэдзіне сьнежня ў Менску затрымалі сямʼю фатографаў, якая вярнулася дадому на лячэньне — Варвару і Паўла Мядзьведзевых.
Паводле прапагандысцкіх крыніц, сямʼя два гады жыла за мяжой, а па вяртаньні ў Беларусь іх затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 году, дзейнасьць «у складзе дыяспар» і нэгатыўныя камэнтары ў інтэрнэце.
Напрыканцы сьнежня сілавікі затрымалі дачку рэпэтытара Яўгена Лівянта разам з яе мужам. Гэта здарылася пасьля іх вяртаньня з Польшчы. У выніку Ганну Лівянт і Мікіту Дразда адправілі на «содні» паводле адміністрацыйнага пратаколу. Цяпер усю сямʼю перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў межах крымінальнай справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Мажэйку пакінулі пад вартай яшчэ на месяц, яму не перадаюць лекаўТаксама цяпер за кратамі ўтрымліваецца палітзьняволены журналіст і кіраўнік горадзенскага «Цэнтру гарадзкога жыцьця» Павал Мажэйка, якога затрымалі 30 жніўня па вяртаньні ў Беларусь. Прычына затрыманьня дакладна невядомая, адвакат журналіста знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні. За кратамі яго ўтрымліваюць больш за пяць месяцаў.
«Дарога за краты»: як улады заклікаюць вяртацца беларусаў, а потым іх затрымліваюць
Лукашэнка заявіў пра «прынцыповае рашэньне» стварыць міжведамасную камісію для працы з беларускімі эмігрантамі, якую ўзначаліць генэральны пракурор Андрэй Швед. Паводле Шведа, камісія распавядзе ахвотнікам вярнуцца ў Беларусь пра наяўнасьць прэтэнзіяў з боку дзяржаўных органаў і магчымасьць вярнуцца, не трапіўшы за краты. Нібыта камісія будзе старанна вывучаць кожнага з тых, хто зьвярнуўся, каб не прапусьціць у Беларусь «экстрэмістаў і тэрарыстаў».
Але гэта не першая спроба сілавікоў заахвоціць людзей вярнуцца — у канцы 2021 года сілавікамі была створаная праграма «Дарога дамоў», якая нібыта «дазваляе тым, хто зьехаў, вярнуцца без наступстваў». Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, як яны могуць гэта зрабіць.
Так, напрыклад, зрабіла і 49-гадовая адміністратарка пратэстных чатаў Тацьцяна Курыліна, якую цяпер судзяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яна вярнулася, бо пагражалі пасадзіць у турму маці». Хто такая адміністратарка чатаў «97%», якая прыехала ў Беларусь і была арыштаванаяЯк паведамлялася ў СМІ, Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліна зьявілася на беларускім тэлебачаньні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі.
Паводле інфармацыі «Байполу», Таццяну Курыліну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытаньні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спэцапэрацыяй КДБ.
«Для многіх беларусаў і беларусак шлях дадому выглядае як прамы шлях у турму», — праваабаронца «Вясны»
Праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук распавяла пра высокія рызыкі для беларусаў, якія хочуць вярнуцца ў краіну, а таксама нагадала пра тое, што масавыя рэпрэсіі не спыняюцца ні на дзень і цягнуцца ўжо два з паловай гады:
«Гэтае пытаньне застаецца адчувальнай тэмай для многіх беларусаў і не губляе сваю актуальнасьць увесь гэты час. На жаль, нашая рэчаіснасьць такая, што для многіх беларусаў і беларусак шлях дадому выглядае як прамы шлях у турму. Калі вы праяўлялі грамадзка-палітычную актыўнасьць з 2020 году і па сёньня: бралі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі камэнтары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Ўкраіне, актыўнічалі ў дваравым чаце, зь якога даўно выйшлі, калісьці запосьцілі ў фэйсбуку новы кліп Naviband, разьмешчаны на „Радыё Свабода“, то рызыкі перасьледу па вяртаньні ў Беларусь вельмі высокія» — кажа Пінчук.