Міжнародны алімпійскі камітэт: спартовыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі не падлягаюць абмеркаваньню

Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў, што спартовыя санкцыі, уведзеныя супраць Расеі і Беларусі ў сувязі з уварваньнем ва Ўкраіну, не зьяўляюцца прадметам перагавораў.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Размова, у прыватнасьці, ідзе аб забаронах расейскім і беларускім спартоўцам удзельнічаць у спаборніцтвах пад сьцягамі сваіх краін.

Кіраўнік Алімпійскага камітэту Расеі Станіслаў Пазьнякоў раней заявіў, што спартоўцы, якія прадстаўляюць Расею, павінны выступаць на тых жа ўмовах, што і іх супернікі зь іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі спартоўцы з актыўнай антываеннай пазыцыяй могуць удзельнічаць у Алімпіядзе» — Аляксандар Апейкін

Заява Пазьнякова прагучала на фоне незадаволенасьці прадстаўнікоў Украіны і шэрагу іншых краін наконт магчымага ўдзелу расейскіх атлетаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе.

«Санкцыі супраць расейскай і беларускай дзяржаваў і ўрадаў не абмяркоўваюцца, — заявіў прадстаўнік МАК. — Яны былі аднагалосна пацьверджаныя на нядаўнім Алімпійскім саміце 9 сьнежня».