Пайшоў шосты месяц, як горадзенскі журналіст Павал Мажэйка знаходзіцца за кратамі
Папярэдні тэрмін утрыманьня пад вартай журналіста і грамадзкага дзеяча Паўла Мажэйкі скончыўся 31 студзеня. Тэрмін затрыманьня працягнулі яшчэ на месяц, піша «Наша ніва».
З канца сьнежня ў СІЗА горадзенскай турмы, дзе ўтрымліваюць Паўла, перасталі прымаць вітаміны і лекі ад родных вязьняў. Гэта тычыцца ўсіх зьняволеных.
Раней Паўлу абмежавалі пасылкі і бандэролі — іх вага ўлічваецца ў агульную штомесячную вагу перадач у 30 кіляграмаў. Хоць вядома, што астатніх вязьняў СІЗА такія абмежаваньні ня тычацца.
Таксама Паўлу блякуюць ліставаньне: яму перадаюць лісты толькі ад сям’і, яго лісты таксама даходзяць толькі родным. Ад іншых людзей журналісту час ад часу даходзяць паштоўкі. Павал вельмі ўдзячны ўсім, хто дасылае грашовыя пераводы.
- Паўла Мажэйку затрымалі і арыштавалі 30 жніўня 2022 году ў Горадні. 20 верасьня праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі Паўла палітычным вязьнем. У абарону журналіста з патрабаваньнем яго вызваленьня выступіла таксама Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў.