Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Вольга Чупрыс расказала БелТА, чаму было адмоўлена ў памілаваньні расейскай грамадзянцы Софʼі Сапезе:
«Адмоўлена цалкам законна. Каб адбыўся акт памілаваньня, неабходна, каб быў выкананы шэраг умоў. Яна мае права зьвярнуцца, як і любыя іншыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь і іншаземцы. Тут ніякіх выключэньняў ці нейкага прадузятага стаўленьня. Таму што зьвяртаюцца вельмі многія насамрэч», — сказала Вольга Чупрыс.
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі адзначыла, што такі зварот заўсёды ацэньваецца на прадмет адпаведнасьці крытэрыям:
«У прыватнасьці, асуджаная, якая выказала жаданьне напісаць такое хадайніцтва на імя прэзыдэнта, не адбыла нават хаця б палову тэрміну, хаця яна мела права зьвярнуцца. У прэзыдэнта было права памілаваць і ў гэтым выпадку. Але калі ацэньваць у цэлым усе крытэрыі, то ў гэтым выпадку выключэньняў, якія паслужылі б падставай для таго, каб кіраўнік дзяржавы прыняў такое рашэньне, не было», — сказала Чупрыс.
- Софʼю Сапегу затрымалі 23 мая 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у менскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Пара вярталася з адпачынку. Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраваньні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя дадзеныя сілавікоў.
- Суд пачаўся 28 сакавіка 2022 г. і праходзіў у закрытым рэжыме. Сапезе выставілі абвінавачаньні паводле сямі артыкулаў, але прызналі вінаватай паводле двух — ч. 3 арт. 130, а таксама ч. 1 арт. 179.
- Ёй прысудзілі шэсьць гадоў калёніі агульнага рэжыму. Сапега ў калёніі працуе швачкай. Раней у перапісцы яна расказала маці, што працы шмат, усе працуюць безь перапынку, здароўе ад стрэсу «пакідае жадаць лепшага». У адным зь лістоў дзяўчына папрасіла маці паабяцаць ёй, што яна забярэ яе з калёніі.