Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што супраць Уладзімера Гундара, асуджанага на 18 гадоў калёніі, завялі крымінальную справу за абразу пракуроркі Людмілы Герасіменка паводле арт. 369 КК.
Судовыя паседжаньні ў новай крымінальнай справе Гундара праходзілі 31 студзеня і 1 лютага ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Працэс вядзе судзьдзя Алена Пятрова.
Як паведаміла BPN жонка Гундара Алена, Уладзімер на працэсе трымаўся нядрэнна — ён адмовіўся ад дачы якіх-небудзь паказаньняў у новай справе.
Алена Гундар патлумачыла, што прысуд будзе абвешчаны толькі пасьля разгляду апэляцыі па папярэдняй справе (18 гадоў пазбаўленьня волі), таму новых паседжаньняў пакуль ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Моцна схуднеў, становіцца шэрым». Інвалід II групы Гундар 8-ы дзень трымае сухую галадоўку ў карцарыЯк раней паведамляла «Вясна Брэст», палітвязьня Ўладзімера Гундара прымушалі разьдзявацца і праводзілі асабісты надгляд перад уваходам у залю, дзе адбывалася азнаямленьне з аўдыёзапісамі судовага працэсу ў «справе Аўтуховіча». Гундар з гэтым не пагадзіўся, таму напісаў адмову ад азнаямленьня з аўдыё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятар, украінскія спэцслужбы, ракеты ЗША, майткі і купа г... 10 фактаў пра суд у «справе Аўтуховіча»- Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Мае інваліднасьць праз страту нагі. 20 траўня 2021 году яго ўжо асудзілі на 3 гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы». З улікам гэтага тэрміну 16 кастрычніка 2022 году Гундара пакаралі 18 гадамі калёніі ў справе «Аўтуховіча».
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.