Кіраўніца расейскай акупацыйнай адміністрацыі ўкраінскага Мелітопаля Галіна Данільчанка паведаміла аб вяртаньні вуліцам гораду «ранейшых гістарычных назваў», напрыклад вуліцы Леніна, Крупскай, Дзяржынскага, Варашылава, Арджанікідзэ, Чапаева і іншых дзеячаў савецкай рэвалюцыі і ўлады.
Па словах прадстаўніцы акупантаў, рашэньне нібыта было прынята «ў сувязі са шматлікімі зваротамі гараджан» і ў мэтах аднаўленьня «гістарычнай справядлівасьці».
Данільчанка, анансуючы зьмены, згадала папярэднюю хвалю перайменаваньняў у Мелітопалі: у 2016 годзе, у рамках абвешчанай уладамі Украіны «дэкамунізацыі».
Паводле вэрсіі чыноўніцы, тады «многія вуліцы былі названыя ў гонар украінскіх нацысцкіх ідэолягаў». Пры гэтым з больш як 80 вуліц, якім будуць вернуты савецкія назвы, толькі некалькі насілі імёны прадстаўнікоў украінскага нацыяналістычнага руху.
У апублікаваным Данільчанкам сьпісе геаграфічных аб’ектаў, якія падлягаюць перайменаваньню, ёсьць вуліцы савецкага кінарэжысэра Грыгорыя Чухрая і савецкага мастака Аляксандра Тышлера, якія нарадзіліся ў Мелітопалі (цяпер яны зноў будуць вуліцамі Арцёма і Катоўскага адпаведна), вуліцы «бацькі савецкай касманаўтыкі акадэміка Сяргея Каралёва (яе пераймянуюць у вуліцу Куйбышава), князя Яраслава Мудрага (яна стане вуліцай Розы Люксэмбург), кінарэжысэра Аляксандра Даўжэнкі (ёй вернуць імя тэарэтыка марксізму, немца Карла Лібкнехта).
Перайменаваны будуць нават вуліца Ялцінская і Крымскі завулак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна атакавала расейскія пункты кіраваньня і склады з боепрыпасамі на акупаваным поўдні. ФОТАМелітопаль быў захоплены расейскімі войскамі ў пачатку сакавіка мінулага года. 30 верасьня Пуцін падпісаў указ аб «далучэньні» гораду, нароўні зь яшчэ некалькімі акупаванымі ўкраінскімі тэрыторыямі, да Расеі. Гэтае рашэньне не прызнана пераважнай большасьцю краін сьвету.
Пачынаючы з анэксіі Крыму ў 2014 годзе ўкраінскія ўлады дэмантавалі сотні помнікаў, а таксама перайменавалі некалькі тысяч вуліц, якія так ці інакш былі зьвязаны з СССР і Расеяй, у дзясятках гарадах Украіны. Працэс «дэкамунізацыі» рэзка паскорыўся пасьля пачатку поўнамаштабнага ўзброенага ўварваньня расейскіх войскаў на ўкраінскую тэрыторыю ў лютым мінулага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна верне сабе Крым да канца лета». Што казалі ўдзельнікі дыскусіі Atlantic Council пра хаду вайны