Ва Ўзброеных сілах Беларусі 31 студзеня пачынаецца «сумесная штабная трэніроўка аб’яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў», паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
«Комплекс сумесных мерапрыемстваў апэратыўнай падрыхтоўкі накіраваны на павышэньне сумяшчальнасьці органаў вайсковага кіраваньня дзьвюх дзяржаў», — адзначылі ў беларускім міністэрстве.
Трэніроўка, паводле інфармацыі ведамства, зьяўляецца адным з этапаў падрыхтоўкі да сумесных апэратыўных вучэньняў «Шчыт саюзу – 2023», якія пройдуць у верасьні на тэрыторыі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежная служба Ўкраіны: у Беларусі застаюцца каля 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, сытуацыя на мяжы напружанаяЗ 16 студзеня да 1 лютага ў Беларусі праходзяць сумесныя з РФ лётна-тактычныя вучэньні. Пра іх магчымы працяг ніводзін з бакоў не паведамляў.
Рэгіянальная групоўка войскаў фармуецца з кастрычніка мінулага году, але яе дакладную колькасьць не агучвалі.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеля вучэньняў з расейцамі ў Беларусі зьнялі вайсковую тэхніку з працяглага захоўваньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска-расейскія лётныя вучэньні цяпер ідуць паблізу мяжы з Польшчай і Ўкраінай