Авіякампанія Ryanair скарачае маршруты зь Вільні, білеты на лоўкосты падаражэюць

Самалёт авіякампаніі Ryanair

Ірландская авіякампанія заявіла, што скасуе два маршруты зь Вільні, яшчэ на 11 маршрутах самалёты будуць лятаць радзей.

Так перавозчык адрэагаваў на рашэньне Віленскага аэрапорта падняць зборы на 28%. Па словах экспэртаў, гэта адабʼецца на цэнах на білеты на іншых кірунках, піша Delfi.

Паколькі з 1 студзеня 2023 году Віленскі аэрапорт падвысіў зборы для перавозчыкаў на 28%, на лета Ryanair на 30% скарачае расклад палётаў зь Вільні. Два маршруты — у брытанскія гарады Бірмінгем і Лідс-Брадфард — з сакавіка скасоўваюцца, а яшчэ на 11 кірунках — у Афіны, Бэрлін, Біллун на Корфу у Дублін, Франкфурт, Гданьск, лёнданскі аэрапорт «Станстэд», Мілян, Вэнэцыю і Вену — самалёты будуць лятаць радзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША патрабуюць ад Турэччыны забараніць расейскім і беларускім авіякампаніям лятаць на амэрыканскіх самалётах у краіну і зь яе

Прадстаўнік Ryanair Дара Брэды назвала падвышэньне збораў у Віленскім аэрапорце «нелягічным» і заявіла, што ад гэтага палёты ў Вільню становяцца менш канкурэнтаздольнымі ў параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі аэрапортамі, якія, наадварот, замарожваюць або імкнуцца зьніжаць цэны, каб вярнуць дапандэмійныя патокі пасажыраў.

Літоўскі экспэрт у сфэры авіяцыі Сіманас Барткус выказаў думку, што гэтае рашэньне адабʼецца і на цэнах на астатнія квіткі. Павышэньне збораў ён назваў у цэлым правільным крокам, аднак усячэньне маршрутаў — «дрэннай навіной для турызму»:

«Будуць кароткачасовыя наступствы такога рашэньня: пэўна, ад невялікага выбару сёлета чакаюць высокія цэны на квіткі, — сказаў Барткус, дадаўшы, што ахвотнікам паляцець куды-небудзь зь Вільні ў сярэдзіне лета варта купляць квіткі ўжо зараз».

Віленскі аэрапорт па-ранейшаму застаецца папулярным хабам для беларусаў, якія адтуль лятаюць у іншыя краіны Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 2020 году з краіны выехалі дакладна больш за 100 тысяч чалавек». Эканаміст раіць, што рабіць з дэмаграфічным крызісам у Беларусі