Палітвязьня асудзілі за намер ваяваць ва Ўкраіне
У Віцебскім абласным судзе вынесьлі прысуд у крымінальнай справе жыхара Докшыц Сяргея Грыбовіча, якога абвінавацілі па шэрагу пратэставых і дыфамацыйных артыкулаў. Справу разглядаў судзьдзя Яўген Буруноў.
Пад ціскам сілавікоў 53-гадовы мужчына казаў, што запоўніў анкету ў Telegram, каб паехаць ваяваць ва Ўкраіну супраць расейскіх войскаў. Але невядома, ці праўда гэта, бо сілавікі здымаюць свае відэа пасьля катаваньняў ці вусных пагроз арыштаваным.
У судзе Грыбовічу выставілі абвінавачаньне па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- арт.369 — абраза прадстаўніка ўлады;
- ч.1 арт.130 — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці;
- ч.1 і ч.2 арт.367 — паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч.1 і ч.2 арт.368 — абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
- ч.1 арт.361-3 — стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім.
Грыбовіча затрымалі 13 сакавіка 2022 году проста на працы ў Падсьвільлі Глыбоцкага раёну. Да суду ўтрымлівалі ў СІЗА № 2 Віцебску.
Суд, які адбыўся 27 студзеня, прызнаў Грыбовіча вінаватым і вынес канчатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 4,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 7000 рублёў.
Палітвязьню Сяргею Ярашэвічу, асуджанаму на 5,5 года калёніі, дадалі яшчэ 9 месяцаў зьняволеньня
У судзе Ваўкавыскага раёну разгледзелі крымінальную справу супраць аднаго з адміністратараў тэлеграм-каналу «Армія з народам» Сяргея Ярашэвіча, асуджанага раней на пяць з паловай гадоў калёніі. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Як паведамляе «Вясна», судзьдзя Мікалай Сяргейка прызнаў палітвязьня вінаватым і дадаў яму яшчэ дзевяць месяцаў пазбаўленьня волі.
Сяргей Ярашэвіч — адзін з адміністратараў тэлеграм-каналу «Армія з народам», а таксама муж даверанай асобы Сьвятланы Ціханоўскай і палітзьняволенай Антаніны Канавалавай. Ён вярнуўся ў Беларусь пасьля затрыманьня жонкі. Перад гэтым выехаў, бо адчуваў небясьпеку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі бізнэсовец расказаў аб рэпрэсіях сілавікоў за данаты ўкраінскаму войску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў пасаду экс-чыноўніку Мінабароны Беларусі, якога сваякі з Украіны прасілі не ваяваць супраць радзімы