Прыбытак банкаў Расеі за 2022 год упаў у 12 разоў

Прыбытак расейскіх банкаў у 2022 годзе скараціўся ў 11,8 раза ў параўнаньні з паказчыкам 2021 году.

Ён упаў з 2,4 трыльёна рублёў (34 мільярдаў даляраў у эквіваленце) да прыблізна 3 мільярдаў даляраў, паведамляе РБК. Гэта найгоршы паказчык за сем гадоў.

Такога нізкага прыбытку ў банкаў не было з 2015 году. Пры гэтым у першай палове 2022 году банкі пайшлі ў мінус на рэкордныя 21 мільярд даляраў, што кампэнсавалі ў другім паўгодзьдзі за кошт «паступовага аднаўленьня асноўных даходаў на фоне зьніжэньня ставак і росту бізнэсу».

РБК паказвае, што банкаўскаму сэктару ўдалося не сысьці ў мінус дзякуючы «Сбербанку», які завяршыў год з прыбыткам 4,2 мільярда даляраў. Цэнтрабанк у лістападзе прагназаваў, што галіна сыдзе ў нуль. Найбольш банкаўскі сэктар РФ страціў на апэрацыях банкаў з каштоўнымі паперамі (мінус 1,5 мільярда даляраў), пераацэнцы актываў у замежнай валюце і каштоўных мэталаў на балянсе (мінус 5,8 мільярда даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскае адгалінаваньне Raiffeisenbank 15 лютага спыніць супрацоўніцтва зь Беларусьсю

На 2023 год у Цэнтрабанку разьлічваюць на прыбытак у 14 мільярдаў даляраў, «калі толькі ня будзе зусім непрадбачаных новых узрушэньняў».

Пасьля пачатку вайны супраць Украіны заходнія краіны і Японія ўвялі санкцыі супраць расейскіх банкаў. Пад іх падпалі, у прыватнасьці, «Сбербанк», «Альфа-банк», «Газпромбанк», «Промсвязьбанк» і іншыя.

У 2022 годзе кампаніі і фізычныя асобы вывелі з рахункаў у расейскіх банках рэкордныя 251 мільярд даляраў.