«Беларусь 5» паказаў «пірацкі» запіс паўфіналаў Australian Open з удзелам беларусак

Сядзіба Белтэлерадыёкампаніі

«Беларусь 5» 27 студзеня ў запісе паказаў паўфінальныя матчы жаночага адзіночнага разраду Australian Open з удзелам беларусак Вікторыі Азаранкі і Арыны Сабаленкі, піша выданьне «Прессбол».

Першы паўфінал, у якім Азаранка саступіла Алене Рыбакінай, быў паказаны ў 12.00, другі матч, у якім Арына Сабаленка абыграла Магду Лінэтэ, — у 16.00, калі ў праграме стаяла трансьляцыя матча КХЛ «Авангард» — «Дынама» Масква. Паказ хакею пачаўся з другога пэрыяду пасьля завяршэньня матча Сабаленкі і Лінэтэ.

Правамі на трансьляцыю Australian Open у Эўропе валодае Eurosport, а таксама аўстрыйскі Servus TV і швайцарскі SSG. «Беларусь 5» у гэтым сэзоне не паказвае турніры ВТА, ня было ў сетцы трансьляцый і папярэдніх раундаў Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.

Кіраўнік «Беларусь 5» Павел Булацкі, пачуўшы пытаньне карэспандэнта pressball.by аб трансьляцыях Australian Open, паклаў слухаўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта парушэньні правоў і непавага да працы людзей». Кінакрытыкі пра паказы пірацкай копіі новага «Аватару» ў Беларусі