Пра выбарчую сытуацыю і магчымыя наступствы таго ці іншага выбару расказвае гісторык, палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.
— Некалькі гадоў таму, калі Бабіш кіраваў урадам, Чэхію скаланалі такія маштабныя мітынгі, якіх краіна ня бачыла з часоў «аксамітнай рэвалюцыі». І патрабаваньне было адно: Бабіша ў адстаўку. Цяпер Бабіш — адзін з двух пераможцаў першага туру і мае шанцы перамагчы ў другім. Дык што такое воля народу?
— Ёсьць воля народу, якая праяўляецца ў яскравых масавых акцыях. А ёсьць воля другой часткі народу, якая праяўляецца інакш і высьвятляецца ў адпаведнасьці з вынікамі выбараў.
У Чэхіі, як і ў большасьці краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, ёсьць два лягеры, якія дакладна вызначаныя і рэзка падзеленыя. Адзін — больш лібэральны, больш праэўрапейскі, ва ўмовах цяперашняй вайны — адназначна праўкраінскі. Другі — у сэнсе эканомікі больш левы, разам з тым больш нацыяналістычны, у пэўным сэнсе і больш аўтарытарны.
Многія прыхільнікі Бабіша глядзяць на дзяржаву як на сабес, на кармільца, на таго, хто павінен клапаціцца.
Гэты патэрналісцкі лягер абʼядноўвае самых розных людзей. Там ёсьць і былыя адэпты кампартыі і сацыял-дэмакратычнай партыі. Бабіш сваімі папулісцкімі заклікамі іх «зьеў».
Сацыял-дэмакраты ўваходзілі ў кіраваны Бабішам кааліцыйны ўрад. Але на апошніх парлямэнцкіх выбарах яны, як і камуністы, не пераадолелі барʼер у 5%.
А партыя Бабіша выступіла пасьпяхова. І яго прыхільнікі — гэта прынамсі траціна насельніцтва. У Бабіша ёсьць дзьве буйныя газэты, ёсьць тэлеканал. Так што ён не такая бездапаможная ахвяра нападаў злых журналістаў, якой ён любіць сябе прадстаўляць.
Такое супрацьстаяньне насамрэч ёсьць паўсюль у рэгіёне — і ў Польшчы, і ў Вугоршчыне, і ў Баўгарыі.
— Апанэнт Бабіша — адстаўны генэрал Пэтр Павэл. Ён дагэтуль у чэскай палітыцы ня ўдзельнічаў. Рабіў пасьпяховую карʼеру вайскоўца, быў начальнікам чэскага генштабу, першым з усходнеэўрапейскіх вайскоўцаў кіраўніком ваеннага камітэту NATO. І ў чэскай палітыцы ён у пэўнай ступені навічок. Зь іншага боку, напэўна, у многіх постсавецкіх людзей, якія чыталі Гашака, ёсьць уяўленьне, што чэхі — гэта Швэйкі: «На вайну мы ня пойдзем, на яе мы ўсе на... ом». Напэўна, гэта ўтрыраваны стэрэатып, але як такі народ выбірае бравага генэрала і навічка ў палітыцы?
— На гэтых выбарах парадаксальныя абедзьве кандыдатуры. Бабіш выступае зараз як лідэр левых, у яго лёзунг «Я паклапачуся пра людзей». Левы палітык, які падтрымлівае сацыяльна слабых, і пры гэтым мільярдэр, якія зарабіў свае грошы, скажам мякка, рознымі спосабамі ў 90-я гады.
Другі парадокс — гэта Пэтр Павэл. Вайсковец, які можа стаць прэзыдэнтам краіны, якая па сваёй культуры неваяўнічая. Наконт Швэйкаў тут складана, у генэрала Павэла ёсьць пасьпяховы баявы вопыт. На пачатку 90-х ён удзельнічаў у міратворчай місіі ў былой Югаславіі. Ён там у 1993 годзе фактычна ўратаваў падразьдзяленьне францускіх міратворцаў, якія былі акружаныя сэрбскімі сіламі. Павэл тады здолеў дамовіцца з сэрбамі і ўратаваць францускіх салдатаў.
У гісторыі яшчэ Чэхаславаччыны быў адзін генэрал-кіраўнік — гэта Людвіг Свобада, вэтэран Другой сусьветнай. Але, у прынцыпе, так, генэрал-прэзыдэнт — для Чэхіі зьява нехарактэрная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдаты ў прэзыдэнты Чэхіі разышліся ў пытаньні, ці варта ваяваць за Польшчу— І цяпер генэрал Павэл — кумір праскіх лібэралаў?
— Так. Ён, дарэчы, у апошнія гады існаваньня сацлягеру пабыў некалькі гадоў чальцом кампартыі, што яму яго апанэнты зараз закідаюць.
Ён кажа, што гэты грэх маладосьці ён выкупіў сваёй службай у войску дэмакратычнай Чэскай Рэспублікі і ў структурах NATO.
Як ён стаў кумірам лібэральнага, праэўрапейскага лягеру? Ён правёў удалую кампанію пад лёзунгам «Вернем Чэхіі парадак і спакой». Лёзунг такі — цалкам вайсковы, але рыторыка яго дэмакратычная. І антыалігархічная, сфакусаваная супраць Бабіша. І Павэл вельмі праэўрапейскі і празаходні.
Пэўную ролю адыгрывае і тое, што ідзе вайна. Чэхія прыняла больш за 400 тысячаў украінскіх уцекачоў. І вайна тут хаця б у асобе гэтых уцекачоў увесь час навідавоку. І ў гэтых умовах фігура генэрала як абаронцы дарэчная. Лібэрал, дэмакрат, але пры гэтым «вайсковая костка». Ён зь сямʼі вайскоўцаў, у яго і бацька, і дзед былі вайскоўцамі.
Што да таго, што ў яго няма палітычнага досьведу, яго прыхільнікі пытаюцца: а які быў палітычны досьвед да вайны ў генэрала дэ Голя? А які быў палітычны досьвед у генэрала Эйзэнхаўэра да таго, як ён пайшоў у прэзыдэнты?
— У апошнія гады ў шмат якіх краінах была нават мода на «непалітычных» палітыкаў. Маўляў, прыйдзе сьвежы чалавек, далёкі ад звадаў палітыканаў, і асушыць гэтае балота. Прыкладаў шмат — ад Трампа да Зяленскага.
— У Чэхіі гэта таксама было моцным матывам. Які ўзмацніла прысутнасьць у бюлетэні Бабіша, які для многіх быў раздражняльнікам. Таксама паўплываў і той факт, што пасьля двух тэрмінаў прэзыдэнцтва сыходзіць у адстаўку прэзыдэнт Зэман, чые манеры былі вельмі спэцыфічныя.
У выніку правілы зьмяніліся. Стала магчымым публічна хлусіць. Быць злоўленым на хлусьні і адразу ж сказаць, што цябе ня так зразумелі і што наагул усе абвінавачваньні на ваш адрас — гэта хлусьня.
Бабіш на выбарчых дэбатах сказаў: што вы мяне абвінавачваеце ў прарасейскіх сымпатыях, я нават у расейскай амбасадзе ніколі ня быў. Яму адразу ж паказваюць відэа, дзе ён на прыёме ў амбасадзе РФ.
І калі зьяўляецца чалавек, які засноўвае сваю выбарчую кампанію на тым, што кажа: «Хопіць хлусіць!» — многім гэта падабаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Чэхіі перамог экс-кіраўнік Ваеннага камітэту NATO, генэрал у адстаўцы Пэтр Павел— Сёлета пытаньне вонкавай палітыкі, вайны стала ці не цэнтральным у прэзыдэнцкай кампаніі. Бабіш сканструяваў сваю выбарчую кампанію на тэзе: генэрал уцягне краіну ў вайну. Падчас перадвыбарчых выступаў ён рабіў нейкія няпэўныя заявы, што калі ён будзе прэзыдэнтам і на Польшчу нападзе вораг, то ён не пашле чэскіх салдатаў на дапамогу. Потым ён нібыта дэзавуяваў гэтую заяву. Як грамадзтва рэагуе на тое, што яму фактычна накінулі тэму вайны як цэнтральную на гэтых выбарах?
— Я б не сказаў, што гэтую тэму грамадзтву накінулі кандыдаты. Наадварот, кандыдаты ішлі за грамадзтвам, яны адчувалі гэтую тэму. Яны яе адлюстравалі і ўзмацнілі.
Дэмагагічныя заклікі да міру Бабіша прывялі яго да той памылкі, пра якую вы прыгадалі. Яму на дэбатах, сапраўды, вядоўца прапанаваў гіпатэтычны сюжэт: ворагі напалі на Польшчу, ці пашле Чэхія свае войскі на дапамогу?
Бабіш адказаў: «Не». Потым стаў апраўдвацца, бо ўзаемадапамога ў выпадку вайны абумоўленая 5-м артыкулам статуту NATO. На наступныя дэбаты Павэл прынёс узяты ў рамку тэкст гэтага артыкула і падараваў яго Бабішу.
Але так — гэтыя выбары шмат у чым пра вайну. Бо гэтыя выбары прэзыдэнцкія. А прэзыдэнт за эканоміку ў Чэхіі не адказвае. Прэзыдэнт — гэта пра бясьпеку, пра вонкавую палітыку, пра агульную атмасфэру ў грамадзтве.
Тут ён гістарычна мае аўру псэўдаманарха. Ён той, хто вызначае атмасфэру.
— А на атмасфэру ў Эўропе вынікі чэскіх прэзыдэнцкіх выбараў могуць паўплываць?
— Так, асабліва ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Я ўжо казаў пра барацьбу двух лягераў ва ўсіх краінах гэтага рэгіёну. Скажу, што Віктар Орбан, кіраўнік Вугоршчыны, будзе вельмі засмучаны перамогай Павэла і рады перамозе Бабіша. Нават у выпадку перамогі Бабіша Чэхія ня стане другой Вугоршчынай, але яна будзе крыху пераймаць яе паводзіны. І Чэхія можа стаць саюзьніцай Вугоршчыны ў эўрапейскіх дэбатах, у тым ліку і наконт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Помнік Скарыну, вывіхнутая нага будучага прэзыдэнта ў менскім гатэлі і апэрацыі пратэстоўцам. 30 гадоў дыпадносінам Чэхіі і Беларусі