Са словаў паплечніка Лобава Аляксандра Малчанава, які служыў зь ім разам, Эдуард загінуў учора пад Вуглядарам.
«Ён з паплечнікам „паляваў“ на танкі з джавэлінам. Потым уступіў у бліжні бой, асабіста зьнішчыў больш за 5 расейцаў. Атрымаў асколачнае раненьне. Неўзабаве памёр», — кажа Малчанаў.
Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў. Апошнія некалькі месяцаў быў пад Вуглядарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Волат», «Брэст», «Тур» і іншыя. Беларусы, якія загінулі ва ЎкраінеЭдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску. У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкула «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.
У 2015 годзе Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем.
У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях:
«Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей — і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару сутак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуард Лобаў: Мой досьвед на Данбасе яшчэ спатрэбіцца Беларусі