У 2020 годзе бізнэсовец Аляксандар Шакуцін патрапіў пад санкцыі ЭЗ за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля гэтага дзейнасьць яго кампаній у Эўразьвязе павінна была быць спыненая. Аднак Беларускі расьсьледвальніцкі цэнтар (Belarusian Investigative Center) высьветліў, што ў Нямеччыне ў Шакуціна ёсьць кампанія, якая працягвае функцыянаваць і прыносіць прыбытак.
Фірма SV MASCHINEN займаецца пастаўкамі сельгастэхнікі ва Ўсходнюю Эўропу. Гэтай кампаніяй Шакуцін таемна кіруе празь літоўскую фірму, дзейнасьць якой у Літве забароненая, а актывы – замарожаныя. Напярэдадні ўвядзеньня санкцыяў супраць Шакуціна ў 2020 годзе ягоная кампанія на 70% перайшла ва ўласнасьць літоўскай фірмы EM SYSTEM. Гэтая фірма патрапіла пад нацыянальныя санкцыі Літвы, і яе актывы там замарожаныя. А ў Нямеччыне сувязь даччынай кампаніі EM SYSTEM з Шакуціным не прасачылі, і яна пазьбегла абмежаваньняў. Працягвае працу і яе прадстаўніцтва ў Менску, якое працуе з прыбыткам у мільён даляраў. Журналісты паслалі запыт у Нямеччыну, чакаюць адказу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуцэрыеў, Шакуцін, Баскін. Каго з прыбліжаных да ўладаў бізнэсоўцаў закранулі санкцыі за вайнуЖурналісты-расьсьледвальнікі даведаліся таксама, што жонка Шакуціна і ягоны сын ад папярэдняга шлюбу зьяўляюцца саўладальнікамі кампаніі «Белтаможвілія», якая займаецца рээкспартам кветак у Расею. Льготы бізнэсам у рээкспарце надаў асабіста Лукашэнка. Кветкавы бізнэс Шакуціных стаў звышпрыбытковым. Выручка «Белтаможвіліі» за два гады кіраўніцтва Шакуціных склала $264 мільёны. 20% ад гэтай сумы жонка, сын і цесьць Шакуціна павінны былі заплаціць у дзяржбюджэт як ПДК пры імпарце, але Лукашэнка сваім указам асабіста вызваліў іх ад гэтага.
Тэкст расьсьледваньня БРЦ пры садзеяньні JournalismFund, цалкам можна прачытаць ТУТ.
- Аляксандар Шакуцін – беларускі бізнэсовец, сябра Савету Рэспублікі 4 і 5 скліканьняў, кіраўнік холдынгу «Амкадор», у які ўваходзяць дзясяткі прадпрыемстваў у Беларусі і Расеі. У 2020 годзе Шакуцін быў сярод запрошаных гасьцей на «таемнай інаўгурацыі», езьдзіў з Лукашэнкам да ягонай цёшчы зьбіраць бульбу, лятаў зь ім у Эміраты. Ад 2020 пад санкцыямі ЭЗ, якія прадугледжваюць забарону на ўезд у Эўразьвяз і замарозку актываў. Пры абгрунтаваньні ўвядзеньня санкцый адзначалася, што Шакуцін атрымлівае выгаду ад падтрымкі рэжыму Лукашэнкі ў выніку прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці, а таксама зьяўляецца сябрам арганізацыі «Белая Русь», якая падтрымлівае Лукашэнку.
- БРЦ (Belarusian Investigative Center) - каманда беларускіх журналістаў расьследвальнікаў, сябра міжнародных расьсьледвальніцкіх аб'яднаньняў OCCRP i GIJN. БРЦ расьсьледуе, сярод іншага, карупцыю ў беларускіх вярхах улады. Напрыклад, пра «золата Шэймана» ў Зымбабвэ, у рамках праекту Pandora Papers.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запасны аэрадром»? Што Лукашэнка шукае ў Зымбабвэ і Эміратах