ЗША прызналі ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй

Злучаныя Штаты прызналі прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр» транслацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвялі новы пакет санкцый.

Як паведамляе прэс-рэліз міністэрства фінансаў ЗША, «паколькі санкцыі і экспартны кантроль у дачыненьні да Расеі з боку міжнароднай кааліцыі працягваюць дзейнічаць, Крэмль адчайна шукае зброю і падтрымку — у тым ліку праз жорсткую групу «Вагнэр» — для працягу сваёй несправядлівай вайны супраць Украіны».

«Сёньняшнія пашыраныя санкцыі ў дачыненьні да ПВК „Вагнэр“, а таксама новыя санкцыі ў дачыненьні да іх партнэраў і іншых кампаній, якія падтрымліваюць расейскі вайсковы комплекс, будуць яшчэ больш перашкаджаць магчымасьці Пуціна ўзбройваць і абсталёўваць сваю ваенную машыну», — цытуе «Настоящее время» міністарку фінансаў ЗША Джанэт Елен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: «Вагнэр» стварае «ўнікальную пагрозу» ў бліжнім баі, нават калі нясе велізарныя страты

Сёньня Мінфін ЗША увёў санкцыі супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, суднаверфяў, структураў ПВК «Вагнэр» і яго ўладальніка Яўгена Прыгожына.

У сьпіс патрапілі кампанія «Сударамонтны завод», завод «Зорка», цэнтар суднарамонту «Дальзавод», КБ «Лазурыт» прадпрыемства «Гама», а таксама іншыя суднарамонтныя і суднабудаўнічыя заводы, іх замежныя партнэры.

Са структурамі Яўгена Прыгожына і ПВК «Вагнэр» апынуліся зьвязаныя і патрапілі пад санкцыйныя абмежаваньні «Садружнасьць афіцэраў за міжнародную бясьпеку», цэнтральнаафрыканская Sewa Sécurité Services, кампанія Kratol Aviation з ААЭ, а таксама нейкая структура Пецярбургу.

Пэрсанальна ў сьпіс унесеныя віцэ-прэмʼер РФ Дзяніс Мантураў, дырэктар Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП) Аркадзь Госьцеў і начальнік растоўскага ўпраўленьня ФСВП Дзьмітрый Бязрукіх, кіраўнік Татарстану Рустам Мініханаў і ягоная жонка Гульсіна Мініханава, а таксама заснавальнік Yota Сяргей Адоньеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму, нягледзячы на санкцыі, пасьля пачатку вайны з Расеі сышлі менш за 10% заходніх кампаній? Вынікі швайцарскага дасьледаваньня

Таксама туды патрапіў начальнік Упраўленьня прэзыдэнта Расеі па забесьпячэньні дзейнасьці Дзяржаўнай рады, супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Харычаў. У канцы 2022 года ён напісаў артыкул аб будучыні Расеі. Там ён вылучыў некалькі канцэпцый сучаснай дзяржавы, сярод якіх была «Радзіма-Маці з лазэрным мячом», а сярод канцэпцый будучыні — «Расея — сусьветны вартавы дабра» і «Піражок». Цяпер артыкул недаступны.

На намесьніка Харычава ў АП Барыса Рапапорта ЗША таксама наклалі абмежаваньні. Мінфін ЗША патлумачыў іх адказнасьцю за анэксію ўкраінскіх тэрыторый і наборам туды палітычнага пэрсаналу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз рыхтуецца ўвесьці дзясяты пакет санкцый супраць Расеі да гадавіны ўварваньня, — Reuters

Your browser doesn’t support HTML5

Каардынатар санкцыйнай палітыкі ЗША Джэймс О’Браен пра санкцыі, вайну і Лукашэнку