Варта аддзяляць беларусаў ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. З такім заклікам да харватаў, паводле BPN, дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская выступіла 26 студзеня ў Заграбе на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі зь міністрам замежных і эўрапейскіх спраў Харватыі Гарданам Грліч-Радманам.
«Дыктатар Лукашэнка нясе поўную адказнасьць за ўдзел у вайне супраць Украіны. Пры гэтым 86% беларусаў супраць вайны, а многія за Ўкраіну, — сказала Ціханоўская. — Другі пасыл — Беларусь не Расея. Беларусь заўсёды была часткай эўрапейскай супольнасьці, мы да гэтага імкнёмся. І мы бачым нашу будучыню ў сяброўстве з Харватыяй».
Сьвятлана Ціханоўская канстатавала, што «сувязей паміж Беларусьсю і Харватыяй вельмі мала». Народы гэтых краін «амаль нічога ня ведаюць адзін пра аднаго». «Настаў час гэта выправіць. Сёньня мы пачынаем новую старонку ў нашых дачыненьнях», — сказала Ціханоўская.
Паводле яе слоў, сёньня тэрыторыя Беларусі «знаходзіцца пад паўзучай акупацыяй», але можна «наладзіць сувязі паміж людзьмі». «Ёсьць у нас і нешта агульнае: гэта гісторыя барацьбы за незалежнасьць і ідэнтычнасьць, барацьба супраць дыктатуры. І мы можам шмат чаму навучыцца ў харватаў», — заявіла дэмакратычная лідэрка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжым Лукашэнкі прызнаў Кардынацыйную раду і Офіс Ціханоўскай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»Ціханоўская падзякавала Грлічу-Радману за «актыўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі ў Эўрапейскім Зьвязе, Радзе Эўропы і АБСЭ», а таксама за «падтрымку, якую Харватыя аказвае Ўкраіне».
«Сёньня мы зь міністрам абмяркоўвалі, як не дапусьціць удзелу беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны, як дапамагчы беларускім партызанам і добраахвотнікам, узмацніць ізаляцыю Лукашэнкі на міжнароднай арэне, — адзначыла палітык. — Мы абмяркоўвалі і стыпэндыі для рэпрэсаваных студэнтаў, і дапамогу беларускай дыяспары тут, у Харватыі. Я падзякавала міністру за тое, што Харватыя будзе выдаваць беларусам візы. Сёньня Беларусь ператварылася ў вялікую турму, і вельмі важна, каб у людзей была магчымасьць выехаць і працягнуць сваю барацьбу».
Ціханоўская наведвае Харватыю 26–27 студзеня. Акрамя кіраўніка МЗС гэтай краіны, яна сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Андрэем Пленкавічам і сьпікерам парлямэнту Гарданам Яндракавічам.
- З 1 студзеня Харватыя ўвайшла ў шэнгенскую зону і пачала выдаваць беларусам шэнгенскія візы.
- Напярэдадні Ціханоўская знаходзілася зь візытам у Польшчы. 25 студзеня дэлегацыя Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў складзе яго кіраўніцы Сьвятланы Ціханоўскай, прадстаўнікоў Аліны Коўшык і Паўла Латушкі сустрэлася зь міністрам адукацыі і навукі Польшчы Пшэмыславам Чарнэкам.
- Беларускі і польскі бакі абмеркавалі магчымасьць стварэньня і фінансаваньня польскім урадам сеткі беларускіх школ выхаднога дня ў гарадах кампактнага пражываньня беларускіх дыяспар, а таксама магчымасьць, каб дзеці грамадзян Беларусі наведвалі заняткі беларускай мовы ў беларускіх клясах дзяржаўных школ, на што права пакуль маюць толькі беларусы з польскім грамадзянствам.