УЭФА перанёс фінал эўрапейскага Супэркубка з Расеі ў Грэцыю

Матч на стадыёне «Караіскакіс», архіўнае фота

Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый УЕФА перанёс месца правядзеньня матчу Супэркубка ў 2023 годзе з Казані ў прыгарад сталіцы Грэцыі, Атэнаў. Пра рашэньне было абвешчана на афіцыйным сайце арганізацыі 25 студзеня.

Месца правядзеньня фіналу было абрана яшчэ ў 2020 годзе. Матч быў заплянаваны на жнівень, ён павінен быў прайсьці на стадыёне «Ак Барс Арэна». Замест гэтага ён перанесены на стадыён «Караіскакіс» у горадзе Пірэй, які ўшчыльную прымыкае да Атэнаў.

Пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 года УЭФА і ФІФА адхілілі расейскія клюбы і зборныя ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах і дазволілі замежным гульцам і трэнэрам, якія гуляюць у Расеі і Ўкраіне, прыпыніць кантракты з клюбамі.

Масква разглядала магчымасьць перайсьці з эўрапейскай футбольнай асацыяцыі ў азіяцкую, але пазьней пытаньне было адкладзенае на нявызначаны тэрмін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі футбольны саюз можа папрасіцца ў Азіяцкую канфэдэрацыю