Пра ўключэньне НАК у сьпіс экстрэмісцкіх фармаваньняў паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы, на якія спасылаецца «Вясна».
Паводле іх, прычына — «публічныя заклікі да санкцый, арганізацыя дзейнасьці па падрыхтоўцы зьдзяйсьненьня замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь».
Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва створана былым міністрам культуры Рэспублікі Беларусь, дыпляматам і экс-дырэктарам Купалаўскага тэатру Паўлам Латушкам у кастрычніку 2020 году. Арганізацыю стварылі з мэтай забясьпечыць мірнае завяршэньне выкананьня функцый нелегітымнымі органамі ўлады і стабілізацыі сыстэмы кіраваньня краінай пасьля пераходу ўлады да народу.
Пазьней Латушка таксама далучыўся да Аб’яднанага пераходнага кабінэту, які ачольвае Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Які суд? Гэта цырк». Латушка пра «завочны суд» над ім, Ціханоўскай ды іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады»Таксама экстрэмісцкім фармаваньнем прызналі «Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі», якая ў тэлеграме публікуе зьвесткі пра ціск на беларускіх чыгуначнікаў і перасоўваньне расейскай вайсковай тэхнікі па краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Пашырэньне санкцый не наблізіць, а аддаліць уступленьне Менску ў вайну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеграм-канал газэты «Новы час» прызналі «экстрэмісцкім»Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.