«У пятніцу, 13 студзеня, беларускім памежным атрадам па праверцы рэжыму дзяржаўнай мяжы была выяўленая адсутнасьць памежнага знаку Рэспублікі Беларусь. Ён быў выламаны да самага кораню, дарожка сьлядоў вяла ў бок Украіны. Гэта значыць, невядомай асобай памежны знак быў вынесены на тэрыторыю Ўкраіны», — сказаў Паўлаў у сюжэце тэлеканалу «Беларусь-1».
Па факце гэтых дзеяньняў сьледчыя органы Беларусі пачалі крымінальную справу паводле артыкула 339 ч. 1 КК («хуліганства»).
У сюжэце таксама расказалі, што з украінскай тэрыторыі ў знак кідалі самаробную дзіду з гачком.
Украінскі бок пакуль ніяк не адрэагаваў на новыя закіды беларускага боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў у ахове мяжы сёлета сканцэнтравацца на ўкраінскім кірунку23 студзеня Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў адразу два рашэньні пра ахову дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы ў 2023 годзе — памежнікамі на зямлі і СПА ў небе, хоць раней штогод падпісваў адно, піша БелТА.
Асноўныя намаганьні ў ахове мяжы сёлета сканцэнтруюцца на ўкраінскім напрамку, а таксама на ўчастках, дзе магчымае ўзьнікненьне новых вонкавых выклікаў і пагроз памежнай бясьпецы, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.
У абмеркаваньні сытуацыі на дзяржаўных межах Беларусі ўдзельнічалі дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, міністар абароны Віктар Хрэнін, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл — першы намесьнік міністра абароны Віктар Гулевіч.
Лукашэнка ў размове зь імі вызначыў тры напрамкі размовы — ахова дзяржаўнай мяжы, уцекачы і войска.
Паводле Памежнага камітэту, 17,2 тысячы вайскоўцаў знаходзяцца каля беларускай мяжы з боку Ўкраіны, 3,7 тысячы — з боку Польшчы. Сумарна на межах Беларусі з Украінай і Эўразьвязам ДПК налічвае 23,5 тысячы салдат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы з Украінай у Столінскім раёне ўзводзяць блёкпасты. Жыхароў «просяць не хвалявацца»Таксама ў ДПК заявілі, што ўкраінскія памежнікі нібыта робяць правакацыі на мяжы зь Беларусьсю. Гэта, у прыватнасьці, «пашкоджаньне памежнай інфраструктуры, абразы і аказаньне псыхалягічнага ціску на беларускіх памежнікаў, дэманстратыўныя дзеяньні, у тым ліку з выкарыстаньнем зброі, гукавой апаратуры, лазэраў і ўлётак». Там адзначылі, што ў 2022 годзе на паўднёвых рубяжах зафіксавалі 88 такіх фактаў.
Старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо, які знаходзіцца пад санкцыямі з боку Ўкраіны, адзначыў, што летась давялося «па ўсіх парамэтрах перабудаваць» ахову дзяржаўнай мяжы на поўдні.
24 лютага 2022 году празь беларуска-ўкраінскую мяжу пайшлі калёны расейскіх танкаў і іншай тэхнікі, зь Беларусі ва Ўкраіну выляталі самалёты і ракеты, што зрабіла Беларусь саўдзельніцай ваеннай агрэсіі. За гэта на беларускія ўлады наклалі санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі магчымыя тэрміны новага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі