Зяленскі не згадаў беларусаў у віншаваньні з угодкамі пачатку паўстаньня Каліноўскага. Рада БНР адрэагавала

Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч

Фрагмэнт віншавальнага ліста Ўладзіміра Зяленскага 23 студзеня ў Варшаве на цырымоніі з нагоды 160-годзьдзя пачатку паўстаньня 1863 году зачытаў амбасадар Украіны Васіль Зварыч.

«Сёньня мы адзначаем важную падзею ў гісторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы... 160 гадоў таму нашыя народы аб’ядналі свае сілы і сталі плячо ў плячо супраць расейскага імпэрыялізму і тыраніі», — гаварылася ў віншавальным лісьце, які зачытаў Васіль Зварыч ад імя прэзыдэнта Ўкраіны падчас цырымоніі, прысьвечанай угодкам пачатку паўстаньня.

Адначасна сам Зварыч ва ўступным слове зьвярнуўся ня толькі да згаданых народаў, але і да «шаноўных прадстаўнікоў супольнасьці народу беларускага».

Рада БНР выказала засмучэньне з нагоды таго, што «ў дні, калі адзначаецца 160-гадовы юбілей пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага супраць расейскай імпэрыі, прэзыдэнт Украіны не знайшоў магчымасьці прыгадаць удзел у ім беларускага народу».

«Прычына гэтага зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасьці: саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. Аднак важна памятаць, што Лукашэнка зьяўляецца ўзурпатарам і не выяўляе волі беларускага народу. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога зьнішчыць незалежнасьць Беларусі», — гаворыцца ў заяве Рады БНР з гэтай нагоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на 160-годзьдзе паўстаньня Каліноўскага: «Вольны душой чалавек змог запаліць іскру народу, каб паўстаць супраць вялікага зла»

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваім выступе зазначыў, што ён верыць, што свабода, дэмакратыя і воля да самавызначэньня перамогуць таксама ў Беларусі, і беларускі народ дачакаецца сваёй свабоды.

Ён таксама выказаў надзею, што «беларускі народ здабудзе сваю свабоду ў рамках сваёй мірнай барацьбы за тое, што яму аб’ектыўна належыць — права на абсалютнае самавызначэньне на сваёй уласнай зямлі».

Сьвятлана Ціханоўская, якая таксама прысутнічала на ўрачыстым мерапрыемстве, падзякавала Дуду за тое, што згадаў у прамове беларусаў.

Ціханоўская пасьля цырымоніі сустрэлася з Дудам і прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто такі „маскаль“ Каліноўскага». Гісторык Абламейка пра словы Ціханоўскай і паўстаньні 1863 і 2020
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк прыехаў у Львоў. Што ён гаварыў аб паўстаньні Каліноўскага, Усходняй Эўропе і Ўкраіне