Намесьнік міністра абароны Ўкраіны пайшоў у адстаўку ў сувязі з «харчовым скандалам» у войску. Зяленскі анасаваў іншыя кадравыя рашэньні

Уладзімір Зяленскі

Намесьнік міністра абароны Ўкраіны Вячаслаў Шапавалаў пайшоў у адстаўку. Гэта зроблена, каб «захаваць давер» да міністэрства, заявілі ў Мінабароны. Шапавалаў адказваў за тылавое забесьпячэньне Ўзброеных сіл Украіны.

Антыкарупцыйныя органы расьсьледуюць магчымыя злоўжываньні ў Мінабароны пры закупцы харчаваньня для войска, на суму больш чым у 13 млрд грыўняў (323, 5 млн эўра). У самім МА абвінавачаньні абвяргаюць як «беспадстаўныя».

Таксама звольнены намесьнік генпракурора Ўкраіны Аляксей Сіманенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне выбухнуў скандал з закупкай харчоў для войска па завышаных цэнах. Ад Мінабароны патрабуюць тлумачэньня


Рада нацбясьпекі і абароны Ўкраіны забараніла прадстаўнікам улады выяжджаць на адпачынак за мяжу, паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім вечаровым відэазвароце.

«Яна [забарона] распаўсюджваецца на ўсіх службовых асобаў цэнтральнага ўраду і розных іншых узроўняў мясцовага самакіраваньня. Гэта датычыцца сілавікоў, народных дэпутатаў, пракурораў і ўсіх тых, хто павінен працаваць на дзяржаву і ў дзяржаве. Калі яны хочуць адпачыць цяпер, то будуць адпачываць па-за дзяржслужбай. Чыноўнікі больш ня змогуць выяжджаць за мяжу на адпачынак або зь любой іншай недзяржаўнай мэтай», — сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Таксама Зяленскі дадаў, што ўжо ёсьць «кадравыя рашэньні адносна кіраўнікоў рознага ўзроўню ў міністэрствах і іншых структурах цэнтральнай улады і ў рэгіёнах, і ў праваахоўнай сыстэме».

23 студзеня «Украінская праўда» з спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Кірыла Цімашэнка напісаў заяву аб сыходзе з пасады. Акрамя таго, паводле зьвестак выданьня, адстаўку сыдуць кіраўнікі Сумскай, Днепрапятроўскай, Запароскай і Херсонскай вайсковых адміністрацый. Гэтая інфармацыя пакуль афіцыйна не пацьверджана.

24 студзеня Кірыла Цімашэнка пацьвердзіў, што сыходзіць з пасады.

  • Указаў аб кадравых рашэньнях на сайце кіраўніка дзяржавы пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі паабяцаў жорстка змагацца з карупцыяй ва Ўкраіне