Сацыял-дэмакраты Нямеччыны заявілі аб развароце ў дачыненьні да РФ

Танк Leopard 2

Кіраўніцтва Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН), якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю, прадставіла праграмны дакумэнт аб развароце ў зьнешнепалітычнай стратэгіі і адносінах з Расеяй.

Нямеччына занадта доўга кіравалася «палітыкай каапэрацыі» з РФ, але вайна, разьвязаная гэтай краінай супраць Украіны, азначае, што Эўропа павінная клапаціцца аб сваёй бясьпецы ад Расеі, заявіў сёньня сустаршыня СДПН Ларс Клінгбайль. Пра гэта паведамляе DW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 памылкі шматгадовай палітыкі: Нямецкія сацыял-дэмакраты кардынальна пераглядаюць свой падыход да Расеі

Раней лічылася, што мір у «Эўропе можа быць забясmпечаны толькі разам з Расtяй, аднак цяпер гэта немагчыма да таго часу, пакуль Расtя не зьменіцца, падкрэсьліў сустаршыня СДПН.

У якасьці асноўнай перадумовы міру і парадку зараз у дакумэнце называецца «ўласная моц» Нямеччыны, пад якой разумеюцца моцныя грамадзкія і палітычныя інстытуты, устойлівая і прывабная эканоміка, а таксама вайсковая моц. У адпаведнасьці з гэтым, неабходна ўзмацніць ваенны патэнцыял бундэсвэру, адзначаецца ў праграмным дакумэнце партыі.

На думку сацыял-дэмакратаў, Нямеччына павінная ўзяць на сябе вядучую ролю ў Эўропе, а Эўропа, у сваю чаргу, «павінная ў большай ступені разглядаць саму сябе ў якасьці геапалітычнага актара».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі прэзыдэнт: Пуцін ахоплены імпэрскім вар’яцтвам, Расея і Нямеччына больш не партнэры

У цяперашняй сытуацыі эўрапейскія краіны радыя падтрымцы ЗША, але Эўропа павінная стаць больш самастойнай, падкрэсьліў Клінгбайль.

Пры гэтым ён не зрабіў дакладнай заявы наконт пазыцыі сваёй партыі ў дачыненьні да паставак Украіне танкаў Leopard 2. Ён нагадаў, што канцлер Нямеччыны Оляф Шольц у гэтым пытаньні прытрымліваецца прынцыпу шчыльнай міжнароднай каапэрацыі, і адзначыў, што гэты прынцып цалкам падтрымлівае партыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бэрбак: калі Польшча адправіць Украіне свае танкі Leopard 2, Нямеччына ня будзе перашкаджаць

Клінгбайль падкрэсьліў, што рашэньні трэба прымаць не пад ціскам, а пільна іх узважваючы. «Ні ў каго ня можа быць сумневаў у тым, што мы падтрымліваем Украіну», — дадаў ён.