Суд у Смалявічах вынес прысуд за «неабгрунтаванае падвышэньне цэнаў»

Ілюстрацыйны здымак

Суд Смалявіцкага раёну прысудзіў дырэктару таварыства з дадатковай адказнасьцю два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай за неабгрунтаванае павышэньне цэнаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Менскай вобласьці.

Паводле суду, 63-гадовы кіраўнік фірмы з 6 па 12 кастрычніка 2022 году праз галоўнага бухгальтара даў указаньні падпарадкаванаму яму работніку павысіць цэны на малочную прадукцыю для яе розьнічнага продажу ў гандлёвых аб’ектах прадпрыемства. Ён нібыта дакладна ведаў аб забароне павышаць цэны згодна з дырэктывай Лукашэнкі нумар 10 ад 6 кастрычніка 2022 году«Аб недапушчальнасьці росту цэнаў». Пасьля гэтага 42 найменьні тавару па завышанай цане былі выкладзеныя ў гандлёвых залях шасьці крамаў у Крупскім раёне.

У судзе абвінавачаны віну не прызнаў. Прысуд — два гады пазбаўленьня волі бяз штрафу — суд агучыў з адтэрміноўкай выкананьня асноўнага пакараньня на адзін год. Акрамя таго, фігурант пазбаўлены права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на адзін год. Мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах. Абвінавачанага вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гуркі +51%, памідоры +43%. У Беларусі зноў пачалі расьці цэны. Разьбіраемся, што падаражэла