У Барысаве старшыня жыльлёва-будаўнічага каапэратыву набыла сабе кватэру за яго сродкі

Ілюстрацыйны здымак

Апэратыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Барысаўскага РУУС устанавілі факт буйнога крадзяжу, учыненага кіраўніком жыльлёва-будаўнічага вытворчага каапэратыву.

47-гадовая барысаўчанка адначасова ўзначальвала ў горадзе некалькі ЖБВК, піша тэлеграм МУС. У 2021 годзе яна пералічыла з рахунку аднаго зь іх на рахунак другога больш за 59 тысяч рублёў, набыла за гэтыя сродкі кватэру, якую аформіла на мужа.

Празь некалькі месяцаў фігурантка прадала жыльлё па рынкавым кошце, атрымаўшы 32 тысячы даляраў. Частку грошай патраціла, але большасьць захоўвала па месцы жыхарства. Пры ператрусе ў яе канфіскавана больш за 28 тысяч даляраў і 500 эўра.

Сьледчыя ўзбудзілі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учынены ў асабліва буйным памеры. Затрыманай пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ чатырох беларусаў затрымалі за словы падтрымкі Ўкраіне ў чат-рулетцы