Затрыманьне ў Горадні
Сілавікі затрымалі і абвінавачваюць 24-гадовага Аляксандра Пасцерняка ў тым, што ў першыя дні вайны ён напісаў у чат-бот «Nexta» паведамленьне пра тое, што беларускія войскі нібыта накіроўваюць ва Ўкраіну. Яму інкрымінуюць арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Пружанца асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады
У судзе Пружанскага раёну асудзілі Максіма Міцкевіча паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады».
Судзьдзя Вадзім Мазоль прызначыў Максіму два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пружанскі суд абвінаваціў мужчыну ў тым, што ён 29 красавіка 2021 году пад публікацыяй у тэлеграм-канале пакінуў абразьлівыя камэнтары на адрас супрацоўнікаў дзяржорганаў па каардынацыі зьнешнепалітычнай і зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.
У Менску ГУБАЗіК затрымаў студэнта БДУ
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра затрыманьне 18-гадовага студэнта Інстытуту бізнэсу БДУ Данііла Гомана. У чат-рулетцы хлопец сказаў, што нібыта яго прадзед паліў Хатынь.
Затрыманьне ў Віцебску
За камэнтары ў інтэрнэце затрымалі жыхара Віцебску Дзьмітрыя Загалаўца. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, 40-гадовы мужчына «агітаваў людзей выходзіць на барыкады, пускаць цягнікі пад адхон і ладзіць фізычныя расправы над сілавікамі».
У канцы «пакаяльнага відэа» пералічылі артыкулы, якія, верагодна, інкрымінаваныя Дзьмітрыю — арт. 368, арт. 369, арт. 130, арт. 361-4 КК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За 20 гадоў маёй працы такога не было ні разу». Адвакаты пра тое, чаму зь Бяляцкага не зьнялі кайданкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве судзяць бабруйскіх «рэйкавых партызанаў», аднаго зь іх паранілі падчас затрыманьня