Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманьне асьпіранта МДУ імя Куляшова Віталя Палавінскага, інфармуе «Вясна».
Студэнта ў чат-рулетцы справакаваў 41-гадовы Юры Комар — мужчына сам сказаў Палавінскаму «Жыве Беларусь!» і атрымаў у адказ «Жыве вечна!».
У відэа сілавікоў Віталь кажа, што затрыманы за тое, што казаў «дэструктыўныя лёзунгі ў падтрымку Ўкраіны», а таксама, што спрагназаваў паразу Расеі ў вайне і што пасьля гэтага ў Беларусі можа пачацца рэвалюцыя.

Віталь Палавінскі
Гэта далёка ня першая правакацыя ў чат-рулетцы, пасьля якой затрымліваюць людзей і заводзяць на іх справы. Раней ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага студэнта Інстытутe бізнэсу БДУ Данілу Гомана — у чат-рулетцы ён сказаў, што яго прадзед паліў Хатынь. Данілу ў чат-рулетцы таксама справакаваў Юры Комар.
Таксама да сілавікоў праз чат-рулетку трапілі Вадзім Шафранскі і Віталь Лобач. Абодва мужчыны ў чат-рулетцы паразмаўлялі з Комарам, які тады назваўся ўкраінцам. Затрыманыя мужчыны выказалі падтрымку Ўкраіне і ўкраінцам, а таксама прагназавалі паразу Расеі ў вайне.

Вадзім Шафранскі і Віталь Лобач
Пакуль няма інфармацыі, што менавіта пагражае ўсім затрыманым.
41-гадовы Комар прапісаны ў Мазыры, працуе дальнабойнікам. Як пісала «Наша ніва» на пачатку 2023 году, пасьля правакацый Комара затрымалі і пабілі ўжо 4 чалавек, на ўсіх завялі крымінальныя справы. Цяпер затрыманых стала яшчэ больш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату суду над уладальнікам бару «Банки-бутылки» і ягонай жонкай за песьню ў падтрымку Ўкраіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За каго беларусы ў гэтай вайне: за расейцаў ці за ўкраінцаў?