Канада выплаціць карэнным народам $2,1 млрд за «культурны генацыд»

Прадстаўнікі карэннага народу Канады ў Ватыкане

Прадстаўнікі 325 карэнных народаў Канады падалі пазоў з патрабаваньнем пакрыць шкоду, нанесеную іх мовам і культуры.

Канада пагадзілася выплаціць карэнным народам амаль 2,1 мільярда даляраў у якасьці кампэнсацыі за страту іх моў і культуры, выкліканую канадзкай сыстэмай школ-інтэрнатаў, такая інфармацыя зьмешчана на сайце ўраду Канады.

Рашэньне павінна быць зацьверджанае фэдэральным судом у канцы лютага. Грошы перададуць у фонд, незалежны ад ураду Канады, на «адраджэньне адукацыі, культуры і мовы карэнных народаў, каб дапамагчы ім у вылячэньні і ўзьяднаньні са сваёй спадчынай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік электроннай бібліятэкі Kamunikat.org: «Выдаём кнігі для тысячаў беларусаў замежжа»

З 1831 па 1996 год у Канадзе працавалі больш за 130 школ-інтэрнатаў, якія кіраваліся царквой і былі часткай канадзкай палітыкі, накіраванай на асыміляцыю дзяцей карэнных народаў. За ўвесь час існаваньня школ празь іх прайшлі каля 150 тысяч прадстаўнікоў карэнных народаў. Ня менш за 3200 дзяцей загінулі там ад холаду, беднага харчаваньня і хвароб. Многія зазналі фізычны, эмацыйны і сэксуальны гвалт.

У 2012 годзе прадстаўнікі 325 карэнных народаў Канады падалі пазоў з патрабаваньнем пакрыць шкоду, нанесеную іх мовам і культуры. У 2015 годзе канадзкая Камісія дзеля выяўленьня праўды і прымірэньня апублікавала справаздачу, у якой назвала сыстэму школ-інтэрнатаў прыкладам «культурнага генацыду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку