Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падчас рабочага візыту ў Варшаву 23–25 студзеня сустрэнецца з прадстаўнікамі польскага ўраду, паведамляе BPN са спасылкай на яе прэсавую службу.
Заплянаваныя перамовы зь міністрамі — унутраных, замежных спраў, фінансаў, адукацыі, а таксама са сьпікерам парлямэнту.
Ціханоўская таксама «правядзе рабочую сустрэчу з кабінэтам», на якой плянуецца абмеркаваць сытуацыю з палітвязьнямі, магчымым удзелам войскаў Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, магчымасьці ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
23 студзеня яна таксама мае прыняць удзел у мерапрыемствах, прысьвечаных 160-годдзю пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на 160-годзьдзе паўстаньня Каліноўскага: «Вольны душой чалавек змог запаліць іскру народу, каб паўстаць супраць вялікага зла»