Хроніка перасьледу 22 студзеня: Супраць віцебскага арт-мэнэджэра Ўладзімера Булаўскага распачалі крымінальную справу; затрымалі выкладчыкаў

Уладзімер Булаўскі, 2018

Паводле інфармацыі @zamkadomby, сілавікі знайшлі ў яго фатаздымкі з пасьлявыбарчых акцый пратэсту.

Уладзімер Булаўскі быў затрыманы 14 сьнежня мінулага году і мусіў вызваліцца пасьля «сутак» 1 студзеня, але на волю так і ня выйшаў.

  • За апошнія два гады Булаўскага затрымлівалі чатыры разы. У верасьні 2020 году яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). У лістападзе 2021 году — пакаралі 7-дзённым арыштам за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. І ў лютым, у асноўны дзень правядзеньня рэфэрэндуму, яго асудзілі на 15 дзён арышту.

Затрымалі асьпіранта гістарычнага факультэту БДУ Юрыя Ўласюка

Паводле @volnyBDY, затрыманьне адбылося яшчэ ў сьнежні 2022 году.

Юрыю Ўласюку інкрымінаваны арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Затрымалі былога выкладчыка БДУІР

У Менску 18 студзеня затрымалі Мікалая Банькова, былога выкладчыка катэдры сувязі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Гэтая катэдра прызначаная для падрыхтоўкі кадравых афіцэраў для Ўзброеных Сіл і іншых сілавых структур.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прызнаньне экстрэмістам — знак якасьці»: саліст гурту RSP Дзяніс Тарасенка аб прызнаньні TOR BAND «экстрэмісцкім фармаваньнем»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Халезін і Жбанкоў: пра лізуноў Лукашэнкі, культурны тэрор і сьмяротны страх рэжыму