Ізраіль
У Ізраілі праходзяць дэманстрацыі пратэсту супраць судовай рэформы, якую прапанаваў урад.
Удзел у антыўрадавых мітынгах бяруць студэнцкія арганізацыі, аб'яднаньні гей-актывістаў, жаночыя арганізацыі, Рух за свабодны Ізраіль, супольнасьці работнікаў хайтэк-кампаній і некаторыя іншыя.
Усе гэтыя структуры абʼядналі намаганьні і стварылі каардынацыйны «Штаб барацьбы». Масавая дэманстрацыя пратэсту 21 студзеня – першая сумесная акцыя гэтага альянсу. Асаблівую ўвагу арганізатары надалі цэнтральнай маніфэстацыі ў Тэль-Авіве, на якую выйшла каля 100 тысяч чалавек.
Пэру
За адзін дзень на антыўрадавых пратэстах у Перу пацярпелі ня менш як 60 чалавек. Некаторыя зь іх паступілі ў шпіталі з пераломамі рук і ног, траўмамі вачэй і жывата.
Дэманстрацыі па ўсёй краіне працягваюцца ўжо больш за месяц. Удзельнікі патрабуюць адстаўкі новага прэзыдэнта Дзіны Балуартэ, роспуску парлямэнту, зьмен у Канстытуцыю і правядзеньня датэрміновых выбараў. Таксама яны дамагаюцца вызваленьня былога прэзыдэнта Пэдра Кастыльё, які адбывае 18 месяцаў папярэдняга зьняволеньня па абвінавачваньні ў мецяжы, якое ён адмаўляе.
Праваабаронцы абвінавачваюць войскі і паліцыю ва ўжываньні агнястрэльнай зброі. Паліцыя сьцьвярджае, што пратэстоўцы ўзброеныя і выкарыстоўваюць самаробную выбухоўку.
У шасьці рэгіёнах з 25 уведзенае надзвычайнае становішча, абмежаваныя правы грамадзян. Прэзыдэнт Перу Дзіна Балуартэ паабяцала пакараць датычных да беспарадкаў і ўзмацніць захады «супраць вандалаў».
Балуарце прапанавала правесьці датэрміновыя выбары ў красавіку 2024 году і ня раз заяўляла, што іншыя патрабаваньні пратэстоўцаў яна задаволіць ня можа.
Гішпанія
Каля 30 тыс. чалавек выйшлі 21 студзеня ў Мадрыдзе на акцыю пратэсту супраць ураду і прэмʼер-міністра Пэдра Санчэса.
У прыватнасьці, яны выступаюць супраць рашэньня ўраду зьмяніць артыкул гішпанскага крымінальнага кодэксу, па якім асудзілі многіх лідэраў каталёнскага руху за незалежнасьць, што прывяло да значнага зьмякчэньня пакараньня.
Акрамя таго, яны сумняваюцца, што ўрад здольны засьцерагчы краіну ад эканамічнага крызісу, росту цэн на энэргію і прадукты.
Францыя
У Парыжы праходзяць чарговыя масавыя мітынгі супраць пэнсійнай рэформы, арганізатарамі выступаюць левая партыя «Няскораная Францыя» (LFI) і моладзевыя арганізацыі.
Беспарадкі пачаліся падчас дэманстрацыі супраць пэнсійнай рэформы, якую праводзяць у Парыжы актывісты моладзевых рухаў і палітычных партый Францыі.
Падчас маніфэстацый там-сям узьніклі беспарадкі: хуліганы разьбілі вітрыну банка і банкамат, а таксама падпалілі сьмецьцевы бак.
Тэлеканал BFM са спасылкай на прэфэктуру паліцыі паведамляе, што паліцыянты затрымалі траіх чалавек, у якіх былі канфіскаваныя забароненыя прадметы.
Улады краіны плянуюць пачаць пэнсійную рэформу сёлета. Праект прадугледжвае штогадовае павышэньне пэнсійнага ўзросту на тры месяцы. Да 2030 году ён павінен дасягнуць 64 гадоў.
Расея
У Маскве ля помніка Лесе Украінцы затрымалі Кацярыну Варэнік, якая выйшла на адзіночны пікет з плякатам «Украіна нам ня ворагі, а браты». Пра гэта паведамляе «АВД-Інфа» са спасылкай на яе бацькоў.
Кацярына Варэнік знаходзіцца ў аддзеле паліцыі, дзе на яе складаюць пратаколы па артыкулах аб дыскрэдытацыі войска і непадпарадкаваньні паліцыянтам.
Ад Мэльбурна да Рэйк'явіка
У пятніцу і ў суботу ў дзясятках краінаў сьвету адбыліся акцыі ў падтрымку расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага і іншых расейскіх палітвязьняў.
17 студзеня 2021 года Аляксей Навальны вярнуўся ў Расею зь Нямеччыны, дзе ён лячыўся пасьля атручэньня «Навічком». Па вяртаньні яго чакалі крымінальныя справы, суды і калёнія.
Акцыі ў падтрымку Навальнага прайшлі ў Аргентыне, Ісьляндыі, Аўстраліі, Нямеччыне, Сэрбіі, усяго ў 35 краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch: «Улады Беларусі ня здолелі правесьці эфэктыўнага расьсьледаваньня катаваньняў мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе»