Ініцыятыва Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу «Хрысьціянская візія» выступіла 21 студзеня з заявай у падтрымку палітвязьняў мужа і жонкі Ігара і Дарʼі Лосікаў.
«Хрысьціянская візія» патрабуе ад уладаў спыніць несправядлівы перасьлед Дарʼі і Ігара і «як мінімум замяніць меру крымінальнага пакараньня ў дачыненьні да Дарʼі Лосік на не зьвязанае з пазбаўленьнем волі».
Таксама аўтары просяць Папу Рымскага «паспрыяць хутчэйшаму вызваленьню Дарʼі Лосік і вяртаньню яе да дачкі».
«Хрысьціянская візія» нагадвае, што Ігар Лосік, каталіцкі вернік, у жніўні 2021 года зьвярнуўся з пасланьнем да Папы Рымскага Францішка, у якім расказаў пра сваю галадоўку ў зьняволеньні.
«Дагэтуль невядома, ці дайшло гэтае пасланьне да Папы Францішка, бо адказу на яго не было», – зазначаюць аўтары звароту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’ю Лосік пакаралі 2 гадамі калёніі за інтэрвію пра мужа-палітвязьня. Іхнай дачцэ 4 гады- Берасьцейскі абласны суд 19 студзеня прысудзіў палітзьняволеную Дарʼю Лосік да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму. Яна прызнана вінаватай па арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Паводле матэрыялаў справы, якія раней часткова апублікавала Генпракуратура, Лосік дала інтэрвію тэлеканалу «Белсат» (прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем»), «у якім пазыцыянавала сябе як жонку »палітвязьня«, яе затрымалі 18 кастрычніка летась.
- 14 сьнежня 2021 году Ігара Лосіка прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўленьня волі па арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці) і арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэксу.
- У Ігара і Дар'і чатырохгадовая дачка, цяпер яна з бабуляй і дзядулем.