Да гадавіны паўстаньня Каліноўскага грамадзкая культурніцкая кампанія Budzma склала падборку трэкаў, створаных беларускімі музыкамі на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў і прысьвечаных гэтай славутай старонцы гісторыі і яе ўдзельнікам.
Лявон Вольскі — «Калі ідуць на абардаж». Зь нявыдадзенага праекту песьняў на словы Ўладзіміра Караткевіча. Верш «Павешаным 1863 года», які стаў тэкстам для песьні, напісаны Караткевічам у 1980 годзе на гадавіну паўстаньня.
Лявон Вольскі — «Роля Героя». Песьня аб складанай ролі герояў, у гісторыі Беларусі асабліва. Словы «дзе гара размаўляе з гарою» адсылаюць да Гары Гедыміна ў Вільні — месца, дзе доўгі час спачывалі героі паўстаньня разам зь ягоным кіраўніком Кастусём Каліноўскім.
Алесь Дзянісаў — «Павешаным 1863 году». Песьня на аднайменны верш з сольнага альбома Алеся Дзянісава «Леаніды вяртаюцца...», выдадзенага ў 2021 годзе на вершы Ўладзіміра Караткевіча.
Алесь Дзянісаў — «1863. Разьвітаньне з Радзімай». Песьня з альбома Алеся Дзянісава «Кароткая гісторыя Беларусі», запісанага на словы паэта са Скідзеля Алеся Чобата. Згаданая песьня — рэфлексія паэта аб апошніх думках чалавека, які ідзе на сьмерць за айчыну ў пэрыяд паўстаньня 1863-1864 гг.
Sciana — «Павешаным у 1863». Песьня на верш Уладзіміра Караткевіча «Павешаным 1863 года», запісаная берасьцейскім гуртом у 2022 годзе.
Dzieciuki — «Мужыцкая праўда». Песьня, якой музыкі распачалі свой першы альбом «Гарадзенскі гармідар» 2014 году, напісаная на словы аўтара вялікай колькасьці тэкстаў гурта Дзяніса Жыгаўца. Тут і зварот «Дзецюкі!», з якога пачынаюцца ўсе нумары «Мужыцкай праўды», тут і спроба раскрыць актуальныя праблемы паўстаньня 1863–1864 гг.
Dzieciuki — «Час Касінэраў». Песьня на словы Алеся Чобата, якую гурт прэзэнтаваў у 2019 годзе падчас грамадзкай кампаніі, прысьвечанай перапахаваньню парэшткаў паўстанцаў, знойдзеных на гары Гедыміна ў Вільні, якое адбылося 22 лістапада 2019 году.
Vincent — «Слава героям». Песьня ад беларускага рэпэра выкананая па матывах рамана Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», прысьвечанага падзеям паўстаньня 1863–1864 гг.
Vinsent — «Каго любіш?». «Пераўвасабленьне» Вінсэнта ў кіраўніка паўстаньня 1863 года Кастуся Каліноўскага. У папярэднім трэку «Слава героям» музыка чытаў пра Каліноўскага, а гэты твор напісаў нібы ад імя самога кіраўніка паўстаньня ў Беларусі: той чытае «Мужыцкую праўду» і зьвяртаецца да людзей.
Раман Арлоў і «Ў нескладовае» — «Скажы, Кастусь...». Песьня 2020 году, аўтар тэксту і музыкі — выканаўца, гітарыст, былы ўдзельнік гурту J:Морс Раман Арлоў.
«Адарвірог» — «1863». Песьня беларускага фолк-мэтал гурту выйшла ў 2017 годзе ў складзе альбому «Край паданьняў».
«Нельга Забыць» — альбом «Леаніды не вернуцца да зямлі». Гурт «Нельга забыць» быў створаны ў канцы 2009-га адмыслова пад праграму «Леаніды ня вернуцца да зямлі...», паводле аднайменнага твора Ўладзімера Караткевіча, прысьвечанага паўстаньню 1863–1864 гг.
Hok-key — «Spoviedź z-pad šybienicy». Hok-key — мэтал-гурт, заснаваны ў 1994-м у Менску. У 2017-м гурт выдаў альбом «Kalasy Pad Siarpom», назва якога таксама адсылае да аднайменнага гістарычнага твора Уладзімера Караткевіча, прысьвечанага паўстаньню. Распачынае альбом песьня «Споведзь з-пад шыбеніцы» пра гісторыю жыцьця Кастуся Каліноўскага.
Віктар Шалкевіч — «Песьня пра касу». Песьня на верш Ларысы Геніюш, увайшла ў альбом «Жыць для Беларусі. Мэлёдыка паэзіі» — на вершы Ларысы Геніюш.
Андрэй Мельнікаў — «Вільна 1864». Песьня на аднайменны верш паэта Анатоля Сыс «Вільна 1864», прысьвечаная здушэньню паўстаньня, але неўміручасьці памяці пра яго.
Сяржук Сокалаў-Воюш — «Маналог Кастуся Каліноўскага», «Маналог паўстанцкага каня», «Хвацкія малойцы». У Сержука Сокалава-Воюша ў альбоме «Нефармальны беларус ды іншыя песьні», які выйшаў у 2001 годзе, прадстаўленыя тры песьні, прысьвечаныя паўстаньню 1863-1864 гг. Гэта «Маналог Кастуся Каліноўскага», які сьпяваецца ад імя кіраўніка паўстаньня ў Беларусі, «Маналог паўстанцкага каня» і «Хвацкія малойцы».
«Туга на чужой старане» — песьня на словы Вінцэнта Каратынскага, музыка Вінцэнта Клімовіча, нядаўна знойдзеная ў архівах да 160-годзьдзя паўстаньня.