Сьпявачку Мэрыем Герасіменку, затрыманую за песьню на ўкраінскай мове, асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Такі прысуд вынесла судзьдзя Вікторыя Шабуня. Працэс адбываўся ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.
Мэрыем Герасіменка — беларуская сьпявачка, якую затрымалі пасьля канцэрту ў менскім бары «Банки-бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у пачатку жніўня. На канцэрце Мэрыем Гера (творчы псэўданім) сьпявала песьню вядомага ўкраінскага гурту «Океан Ельзи» «Обійми».
Пасьля затрыманьня сьпявачку двойчы асудзілі на 15 дзён паводле адміністрацыйнага артыкула, а затым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак).
Судзіла палітзьняволеную Вікторыя Шабуня, якая раней неаднаразова выносіла палітычна матываваныя выракі.
Папярэдняе зьняволеньне Герасіменка адбывала ў СІЗА-1 у Менску. 23 студзеня ёй споўніцца 29 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржава адабрала бацькоў. Трагедыя Паўліны Лосік ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Які суд? Гэта цырк». Латушка пра «завочны суд» над ім, Ціханоўскай ды іншымі фігурантамі «справы Каардынацыйнай рады»