Былога трэнэра беларускай алімпійскай зборнай абвінавацілі ў цкаваньні бягухі Ціманоўскай

Крысьціна Ціманоўская

Athletics Integrity Unit, міжнародная арганізацыя, якая сочыць за добрасумленнасьцю ў лёгкаатлетычных спаборніцтвах, расцаніла дзеяньні трэнэра беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Токіё Юрыя Маісевіча адносна бягухі Крысьціны Ціманоўскай як несумленныя, як вэрбальнае і псыхалягічнае цкаваньне.

Юры Маісевіч быў галоўным трэнэрам беларускай нацыянальнай зборнай у лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Токіё. Падчас Гульняў ён патрабаваў ад бягухі Крысьціны Ціманоўскай, каб тая бегла не сваю дыстанцыю, замест іншай спартоўкі. Яна адмовілася, Маісіевіч чыніў ціск на Ціманоўскую, потым запатрабаваў яе датэрміновага вяртаньня ў Беларусь.

Лёгкаатлетка папрасіла заступніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту і ў выніку адмовілася вяртацца ў Беларусь, накіраваўшыся ў Польшчу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачалося міжнароднае расьсьледаваньне дзеяньняў трэнэраў бягухі Ціманоўскай

Летась у ліпені Міжнародны алімпійскі камітэт, Сусьветная лёгкаатлетычная асацыяцыя і Athletics Integrity Unit (AIU) прынялі рашэньне аб расьсьледаваньні паводзінаў трэнэраў Ціманоўскай — Юрыя Маісевіча і Артура Шумака. Цяпер абнародавала вынікі расьсьледаваньня.

AIU абвінаваціла Маісевіча ў парушэньні Кодэксу сумленнасьці сусьветнай лёгкай атлетыкі.

«Маісевіч дзейнічаў несумленна; ён не абараніў годнасьць спартоўкі, і яго дзеяньні ўяўлялі сабой вэрбальнае і псыхалягічнае цкаваньне; ён зганьбіў гонар лёгкай атлетыкі», — заявіла AIU.

«Важная роля AIU палягае ў абароне спартоўцаў ад перасьледу. AIU старанна расьсьледавала гэтае пытаньне і лічыць, што ёсьць прычына для адказнасьці за парушэньне Кодэксу добрасумленнасьці», — сказаў кіраўнік AIU Брэт Клат'е.

Дзеяньні другога трэнэра Ціманоўскай — Артура Шумака — AIU не асудзіла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэнэр, які прымушаў Ціманоўскую бегчы чужую дыстанцыю на Алімпіядзе, страціў пасаду