Пуцін звольніў чыноўніка, які заклікаў да «дэсатанізацыі» Ўкраіны

Згарэлая расейская вайсковая тэхніка пад Кіевам

Чыноўнік з Масквы Аляксей Паўлаў казаў, што ва Ўкраіне нібыта пасьля Майдана памножыліся рэлігійныя сэкты, а «пасаджаныя Вашынгтонам» палітыкі «забаранілі сапраўдныя каштоўнасьці».

Уладзімір Пуцін звольніў памочніка сакратара Савету бясьпекі Аляксея Паўлава, які заклікаў да «дэсатанізацыі» Ўкраіны, указ апублікаваны 20 студзеня на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі Расеі.

Прычыны звальненьня не называюцца. Як паведамілі ТАСС у апараце Савету бясьпекі РФ, ён пераходзіць на іншую працу, якую менавіта — таксама невядома.

Аляксей Паўлаў займаў пасаду памочніка сакратара Савету бясьпекі з 2009 году, да гэтага працаваў на розных пасадах у ФСБ Расеі, а таксама ў Фэдэральным агенцтве ўрадавай сувязі і інфармацыі пры прэзыдэнце РФ, якое існавала да 2003 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даціскаць Лукашэнку ці не? Пуцін вагаецца», — вайсковы аналітык Фёдараў

У мінулым годзе, ужо пасьля пачатку вайны, ён адзначыўся артыкулам у «Аргументах і фактах», дзе сапраўднай мэтай «спэцапэрацыі» назваў «дэсатанізацыю» Ўкраіны. На думку Паўлава, ва Ўкраіне з 1990-х гадоў, асабліва пасьля Майдана 2014 году, вырасла колькасьць прыхільнікаў рэлігійных сэктаў, а «пасаджаныя Вашынгтонам ва ўладныя крэслы» палітыкі спрабавалі «забараніць сапраўдныя каштоўнасьці, якія нясуць праваслаўная вера, іслам і юдаізм».

Пасьля выхаду артыкула галоўны рабін Расеі Бэрл Лазар заявіў, што матэрыял «зьяўляецца рупарам для антысэміцкіх заяў», і сакратар Савету бясьпекі Мікалай Патрушаў мусіў прасіць прабачэньня за свайго падначаленага.

Аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны называюць расейскі лёзунг аб «дэсатанізацыі» Ўкраіны спробай чыноўнікаў Расеі «ўвязаць вайну з рэлігійнымі канцэпцыямі», якія фармальна былі б зразумелыя як хрысьціянам, так і мусульманам, і прадухіліць расколы паміж вайскоўцамі розных веравызнаньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пяцісотыя». Як расейцы дэзэртуюць з войска ва Ўкраіне. ВІДЭА