Сьцісла
- Стварэньне рэгіянальнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі мае на мэце ўзяць пад расейскі кантроль беларускую армію.
- На Данбасе Расея сканцэнтравала тры ўдарныя «кулакі» агульнай колькасьцю 120–130 тысячаў вайскоўцаў.
- У Беларусі цяпер 10–12 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, гэта пераважна змабілізаваныя, якія адпаведна ратацыі прыбываюць на навучаньне.
- Наступ Расеі зь Берасьцейшчыны на Заходнюю Ўкраіну малаімаверны, танкі ня пройдуць цераз балоты, у лясах яны сталі б зручнай мішэньню для ўкраінцаў.
- Падрыхтоўкі да ўдару па Заходняй Украіне ня бачаць ані ўкраінская, ані заходнія выведкі.
- Для Пуціна мінусы ўцягваньня беларускага войска ў вайну пераважаюць над плюсамі.
— У Беларусі 16 студзеня пачаліся двухтыднёвыя беларуска-расейскія вучэньні СПА — на ўсіх аэрадромах і палігонах СПА. Ці могуць яны стаць пралёгам, плаўна перарасьці ў авія- і ракетны напад на Ўкраіну?
— Ня раз з тэрыторыі Беларусі і зь яе паветранай прасторы наносіліся расейскія ракетныя ўдары па тэрыторыі Ўкраіны. Лукашэнка дае магчымасьць гэта рабіць. Тут нічога новага няма.
Самі ў сабе гэтыя вучэньні пагрозы для Ўкраіны не нясуць. Ствараючы рэгіянальную групоўку на тэрыторыі Беларусі, расейскае кіраўніцтва і вайсковае камандаваньне падпарадкоўваюць сабе беларускія ўзброеныя сілы. Беларускую армію практычна бяруць пад расейскі кантроль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска-расейскія лётныя вучэньні цяпер ідуць паблізу мяжы з Польшчай і Ўкраінай— Паводле розных ацэнак, у Беларусі зараз сканцэнтравана 10-12 тысяч расейскіх вайскоўцаў: гэта пераважна змабілізаваныя, якія праходзяць навучаньне. У нядаўнім інтэрвію вы казалі, што Расея стварыла ва Ўкраіне некалькі ўдарных «кулакоў», прынамсі ў Луганскай вобласьці пад Крамянной і ў Данецкай — у раёне Салядару і Бахмуту і пад Данецкам. Вы казалі, што менавіта там і можна чакаць новага расейскага наступу. Калі параўноўваць іх з групоўкай у 10–12 тысячаў вайскоўцаў у Беларусі — яны буйнейшыя? Яны інакш арганізаваныя?
— Так, яны буйнейшыя. Бахмуцкая групоўка расейскіх войскаў, паводле ўкраінскай выведкі, складаецца прыкладна з 40 тысячаў вайскоўцаў. Так было ў сьнежні, але ня думаю, што яна істотна зьменшылася. Хутчэй павялічылася.
Мапы разьмяшчэньня расейскіх войскаў даюць падставу меркаваць, што пад Крамянной у Луганскай вобласьці і каля Данецку яшчэ прыкладна па столькі ж войскаў. У Луганскай вобласьці, можа, нават тысяч на 5-6 больш.
Зразумела, гэта даволі прыблізныя ацэнкі. Але парадак лічбаў такі, гэта тры «кулакі», сканцэнтраваныя на Данбасе, агульнай колькасьцю прыкладна 120-130 тысячаў вайскоўцаў.
Войскі для вядзеньня баявых дзеяньняў фармуюцца ў пэўныя структуры — брыгада, полк, батальён. Як я разумею, на палігонах Беларусі ідзе падрыхтоўка змабілізаваных. І там адбываецца ратацыя: адвучыліся — іх перакідаюць у Расею ці на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, а на палігоны прывозяць новых.
Агульная колькасьць вайскоўцаў ня сьведчыць пра іхную баяздольнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея інтэнсіўна абстрэльвае дзьве паўднёвыя вобласьці Ўкраіны. На ўсходзе ідуць жорсткія баі— У згаданым інтэрвію вы палемізавалі з Андрэем Іларыёнавым, які лічыць, што расейскае камандаваньне плянуе наступ зь Берасьцейскай вобласьці Беларусі ў Заходнюю Ўкраіну, каб перарэзаць шляхі дастаўкі заходняй дапамогі Ўкраіне. Вы пярэчылі: гэта практычна немагчыма з прычыны прыроднага ляндшафту. Паўднёва-заходняя мяжа Беларусі з Украінай — гэта густыя лясы і багністыя балоты. Войскі там проста расстраляюць ці яны патонуць, тлумачылі вы.
Але ёсьць гістарычны досьвед Другой сусьветнай. Была ваенная кампанія вэрмахту 1940 году супраць Францыі — «Удар сярпом». Гэта была ідэя генэрала Манштайна, якую прыняў Гітлер, — кідок церазь лясістыя Ардэны. Тады гэта некаму таксама здавалася рызыкоўным ці немагчымым. То ў сучасным расейскім генэральным штабе няма сваіх манштайнаў?
— Наконт наяўнасьці сваіх манштайнаў у генэральным штабе РФ маю пэўныя сумневы. Хоць падчас Другой сусьветнай вайны быў таксама эпізод, калі савецкая армія нанесла па нямецкіх войсках нечаканы ўдар акурат цераз гэтыя беларускія балоты. Але тады там было сканцэнтравана вельмі шмат жывой сілы і салдаты будавалі, пракладалі цераз балоты грэблі, драўляныя насьцілы. І па іх прайшла тэхніка. Немцы гэтага не чакалі.
Але тады людзей, каб класьці грэблі, было шмат, а тэхнікі параўнальна няшмат.
У кожным разе балоты і лясісты ляндшафт — вельмі небясьпечныя ўмовы для таго, хто вядзе наступ. Заграз танк ці машына — аб’ехаць немагчыма, вакол дрыгва, уся калёна спыняецца і робіцца выдатнай мішэньню для праціўніка.
Вядома, усё бывае. Але плянаў рыхтаваньня такога ўдару па Заходняй Украіне не відаць. Іх ня бачыць украінская выведка, ня бачаць і заходнія.
І варта сказаць, што размовы пра ўдар зь Берасьцейшчыны на Луцк — Роўна — Львоў ідуць даўно, з пачатку вайны. Але Расея зь лютага 2022 году не рызыкнула на гэта пайсьці. Абстрактна разважаючы, для Расеі было б з ваеннага гледзішча карысна перарэзаць маршруты, якімі ідзе сілкаваньне ўкраінскай арміі і эканомікі. Але, відавочна, былі прычыны, зь якіх гэтага не зрабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі магчымыя тэрміны новага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі— Ці чыніць ціск Пуцін на Лукашэнку, каб ён больш актыўна ўдзельнічаў у вайне — аж да ўдзелу беларускай арміі ў баявых дзеяньнях?
— Пуцін не такі просты, якім здаецца. Так, ён чалавек з глыбокімі комплексамі, часта ня здольны рацыянальна асэнсоўваць рэчаіснасьць. Але паставім сябе на яго месца — месца чалавека, які хоча дамагчыся перамогі. Яму трэба прыняць рашэньне: даціскаць Лукашэнку ці не.
Якія ёсьць мінусы, рызыкі рашэньня даціснуць? А калі беларускае войска ня выканае загаду Лукашэнкі ісьці на вайну? А калі нейкія часткі ўзбунтуюцца? І тады давядзецца перакідаць з фронту расейскія часткі, каб уратаваць саюзьніка. А як адрэагуе насельніцтва? А можа, лепш і не чапаць ня надта ўстойлівае ўнутрыпалітычнае становішча ў Беларусі?
Мне здаецца, што яно ня вельмі ўстойлівае. І ў гэтай сытуацыі трэба супаставіць плюсы і мінусы.
Плюсы ў тым, што адна ці дзьве беларускія брыгады возьмуць удзел у вайне. Гэта ня разьвяжа праблемаў, якія стаяць перад Пуціным. А мінусы я пералічыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожная трывога можа быць не навучальнай». У памежных зь Беларусьсю абласьцях Украіны адрэагавалі на паветраныя вучэньні