Беларускія і расейскія авіяцыйныя падраздзяленьні ў рамках сумесных лётна-тактычных вучэньняў 20 студзеня «працягваюць выконваць задачы па прызначэньні з усіх аэрадромаў ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі», паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
«Лётныя экіпажы выконваюць баявое прымяненьне на Ружанскім палігоне, падчас якога авіяцыя зьнішчае СПА, наносіць удары па пунктам кіраваньня, тэхнікі і жывой сіле праціўніка, пры гэтым ажыцьцяўляецца зьнішчальнае авіяцыйнае прыкрыцьцё ўдарных груп штурмавой і бамбардзіровачнай авіяцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што самалётам далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня А-50 з аэрадрома Мачулішчы пад Менскам «выконваюцца задачы па вядзеньні паветранай разьведкі і кіраваньне экіпажамі шматмэтавых зьнішчальнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі магчымыя тэрміны новага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну з тэрыторыі БеларусіСумесныя лётна-тактычныя вучэньні беларускай і расейскай авіяцыі пачаліся 16 студзеня і паводле інфармацыі міністэрсіва абароны будуць праходзіць да 1 лютага. Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі фармуецца з кастрычніка мінулага года. З Расеі ў Беларусь прыбыло больш за 10 тысяч салдат і тэхніка.
Усё гэта адбываецца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях не ўдзельнічае.
Між тым, як паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», вучэньні ў Беларусі прадоўжаны як мінімум да 30 студзеня цяпер і на палігоне «Ружаны». Пра гэта гаворыць графік правядзеньня вучэньняў на беларускіх палігонах.
20-21 студзеня стануць выходнымі для некаторых палігонаў, але іншыя, дзе сканцэнтраваныя ВС РФ, працягнуць працаваць без перапынку: «Асіповіцкі», «Даманава», «Лепельскі», «Абуз-Лясноўскі».
ВС РБ паляпшаюць навыкі, становяцца больш падрыхтаванымі да абароны, але як і раней, яны не гатовыя да наступальных дзеяньняў з прычыны адсутнасьці рэальнага баявога досьведу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея інтэнсіўна абстрэльвае дзьве паўднёвыя вобласьці Ўкраіны. На ўсходзе ідуць жорсткія баі