Парлямэнт Азэрбайджану асудзіў рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, якая заклікае Баку неадкладна адкрыць Лачынскі калідор. Пра гэта паведаміла прэс-служба заканадаўчага органа.
Азэрбайджанскія дэпутаты назвалі рэзалюцыю Эўрапарлямэнта «неаб'ектыўнай і несправядлівай», а яе аўтараў — «няздольнымі адысьці ад палітыкі двайных стандартаў».
«Мы выказваем свой пратэст супраць прынятай Эўрапейскім парлямэнтам 19 студзеня ў асаблівым парадку неабʼектыўнай і несправядлівай рэзалюцыі і рашуча адхіляем заснаваныя на хлусьні і сфабрыкаваных зьвестках беспадстаўныя абвінавачаньні», — гаворыцца ў заяве.
Раней Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю ў пытаньні Лачынскага калідора, у якой заклікае Азэрбайджан неадкладна адкрыць адзіную дарогу, якая злучае Нагорны Карабах са зьнешнім сьветам, і ўстрымацца ад парушэньня транспартных, энэргетычных і камунікацыйных сувязяў паміж Армэніяй і Нагорным Карабахам.
Прадстаўнікі заканадаўчага органа Эўразьвяза таксама асуджаюць бязьдзеяньне расейскіх міратворцаў, заклікаюць ААН або АБСЭ накіраваць у Лачынскі калідор місію па высьвятленьні фактаў і заклікаюць бакі аднавіць мірныя перагаворы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакажам усяму сьвету, што Армэнія была акупаваная расейскімі войскамі». На акцыі пратэсту ля расейскай базы ў Гюмры затрымалі 100 чалавекЛачынскі калідор — адзіная дарога, якая злучае Нагорны Карабах з Армэніяй. Па ўмовах дамовы, падпісанай пасьля заканчэньня вайны паміж Армэніяй і Азэрбайджанам у 2020 годзе, Лачынскі раён перайшоў пад кантроль Баку, а калідор — пад назіраньне расейскіх міратворцаў.
У сярэдзіне сьнежня дарогу заблякавалі азэрбайджанскія актывісты. Паводле зьвестак азэрбайджанскага боку, гэта эколягі, якія выступаюць супраць незаконнай, на іх думку, здабычы армянскімі ўладамі прыродных рэсурсаў на тэрыторыі Нагорнага Карабаху.
Ерэван сьцьвярджае, што пасьля перакрыцьця дарогі ў Лачынскім калідоры ў Нагорны Карабах спыніліся пастаўкі прадуктаў і жыцьцёва важных тавараў, рэгіён блізкі да гуманітарнага крызісу. Кіраўнік ураду Армэніі Нікол Пашыньян выступіў з заявай, у якой абвінаваціў расейскіх міратворцаў у бязьдзейнасьці.
МЗС Азэрбайджану раней заяўляў, што Ерэван наўмысна ўводзіць у зман міжнародных партнэраў для прадаўжэньня незаконнай дзейнасьці на тэрыторыі Азэрбайджану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цяпер немэтазгодна. Армэнія адмовілася ад правядзеньня вучэньняў АДКБ на сваёй тэрыторыі