Як паведамляе bialystokonline.pl, здарэньне адбылося ў аўторак на пешаходным пераходзе на вуліцы Ліпавай. Паводле паліцыі, 22-гадовая кіроўца аўтамашыны была цьвярозая. Хлопчык у цяжкім стане дастаўлены ў шпіталь.
Avtogrodno.by удалося зьвязацца з маці хлопчыка. «Яго ўвялі ў кому, яго стан стабільна цяжкі на працягу ўсяго гэтага часу, — сказала маці. — У яго разьбіты чэрап і пашкоджаныя органы. Мы вельмі хвалюемся за яго».
Маці хлопчыка сказала, што ні кіроўца аўтамабіля, ні яе родныя пакуль што не зьвязаліся зь ёю, і выказала сумнеў у справядлівым разборы справы: «Яшчэ на этапе зносін з праваахоўнікамі там на месцы мне сталі прад’яўляць прэтэнзіі, што я не зьберагла малога».
«Прашу адгукнуцца тых, хто бачыў аварыю. Я ведаю, што навокал было шмат беларусаў, — кажа маці хлопчыка. — Нам вельмі патрэбная падтрымка, мы шукаем перакладчыка. Мае родныя таксама ня могуць да мяне прыехаць, няма візаў. Цяпер мой муж экстранна спрабуе зрабіць візу, каб прыехаць на дапамогу».
Па словах маці, яна спрабуе ўсталяваць кантакт з прадстаўнікамі беларускага кансуляту, але пакуль безвынікова.