Bloomberg: у Сынгапуры зьмешваюць расейскую нафту для рээкспарту

Расейскую нафту зьмешваюць з сыравінай зь іншых крыніц у Сынгапуры, а затым паліва рээкспартуюць па ўсім сьвеце.

Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.

У Сынгапуры імкліва расьце попыт на рэзэрвуары для захоўваньня нафты. Паводле крыніцаў выданьня, гэта абумоўлена тым, што экспартэры зьмешваюць у сынгапурскіх сховішчах танныя нафтапрадукты з Расеі з даражэйшымі гатункамі паліва зь іншых крыніц. Гэта дазваляе схаваць паходжаньне нафты і павялічыць прыбытак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія нафтавыя санкцыі прывялі да росту залежнасьці Расеі ад Кітая і Індыі

Паводле зьвестак суднаходнай кампаніі Vortexa Ltd, у сьнежні 2022 года сынгапурскія тэрміналы прынялі ўдвая больш аб'ёмаў расейскай нафты і мазуту, чым годам раней. «Зьмяшаныя» нафтапрадукты, верагодна, будуць рээкспартаваныя на рынкі Паўночна-Ўсходняй Азіі, заявіў суразмоўца Bloomberg.

Сынгапурскія ўлады афіцыйна не забаранялі імпарт расейскай нафты, але мясцовым фінансавым установам нельга супрацоўнічаць з расейскімі кампаніямі.

  • 5 сьнежня ў сілу ўступіла эмбарга на марскія пастаўкі расейскай нафты ў краіны Эўрапейскага Зьвязу, а таксама столь цэнаў у 60 даляраў за барэль на нафту з Расеі, якая перавозіцца па моры. Санкцыі былі ўведзены ў адказ на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Мінфіну Нямеччыны заявіў, што краіна больш не залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: WSJ: экспарт расейскай сырой нафты ў сьнежні зьнізіўся на 22%