Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу на жыхара Воршы, які зьняў на тэлефон эшалён з вайсковай тэхнікай і адправіў у тэлеграм-канал, паведамілі ў прэсавай службе ведамства.
26-гадовы жыхар Воршы ў сьнежні 2022 году зьняў на мабільны тэлефон эшалён з вайсковай тэхнікай на станцыі «Ворша-Цэнтральная». У той жа дзень відэазапіс зʼявіўся ў неназваным Telegram-канале. Міліцыя яго затрымала.
На яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 КК Беларусі («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасці»). Санкцыя артыкула прадугледжвае максымальнае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў Лаўрову, што Ўкраіна не ідзе на правакацыі супраць БеларусіУ лютым 2022 году Лукашэнка дазволіў расейцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на поўнач Украіны, пасьля чаго здарылася разаніна ў Бучы, а таксама расейцы вялі зь беларускіх гарадоў абстрэлы цывільных аб’ектаў у гарадах Украіны, ад чаго гінулі людзі. За саўдзел у вайне на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцыяў.
Цяпер у Беларусі знаходзяцца каля 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў з тэхнікай, якія праводзяць вучэньні. З 16 студзеня пачаліся двухтыднёвыя вучэньні паветраных сілаў Беларусі і Расеі на ўсіх беларускіх аэрадромах і палігонах СПА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржава адабрала бацькоў. Трагедыя Паўліны Лосік