Асуджаны на 25 гадоў палітвязень Аўтуховіч з-за кратаў: «Не хвалюйцеся за мяне і вялікі вам дзякуй»

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч

Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі 25 гадоў калёніі. За кратамі яго ўтрымліваюць ужо больш за два гады.

У зьняволеньні на Мікалая Аўтуховіча бесьперапынна чыняць ціск, а лісты даходзяць толькі да маці, паведамляе Праваабарончаы цэнтар «Вясна». Нядаўна ён даслаў віншавальны ліст, у якім падзякаваў неабыякавым людзям за падтрымку:

«Толькі празь цябе магу перадаць віншаваньні тым, хто мяне ведае, хто перажывае за мяне, хто падтрымлівае! Не хвалюйцеся за мяне і дзякуй вам вялікі! Усё, мамачка, трымайся, і да хуткай сустрэчы!» — піша палітвязень.

Мікалай Аўтуховіч, Павел Сава, Віктар Сьнягур, Ірына Гарачкіна — фігуранты гэтак званай «справы Аўтуховіча», былі асуджаныя на 25, 20, 19 і 6 гадоў калёніі адпаведна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская папрасіла кіраўніцтва Швайцарыі дапамагчы ў арганізацыі дыялёгу аб вызваленьні палітвязьняў

​Праваабарончая арганізацыя «Вясна» заявіла ў справаздачы «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2022 годзе», што на 31 сьнежня 2022 году колькасьць палітвязьняў у краіне дасягнула 1446, а цягам году палітвязьнямі прызналі 889 грамадзян.

Згодна са справаздачай, летась з палітычных матываў (за падзеі 2020–2022 гадоў) асудзілі ня менш як 2627 грамадзян, а амаль 3800 грамадзян сутыкнуліся з крымінальным перасьледам за гэты пэрыяд.

Праваабаронцы зафіксавалі ня менш як 6443 затрыманых і ня менш як 3272 накладзеныя адміністрацыйныя спагнаньні за рэалізацыю сваіх правоў і свабод, зь якіх 2274 — адміністрацыйныя арышты, і 938 — адміністрацыйныя штрафы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міколу Аўтуховічу ствараюць у турме «спэцыяльныя ўмовы»

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.