Зарэцкую, якая ўваходзіла ў Каардынацыйную раду, арыштавалі паводле «народнага» артыкула
Праваабаронцам стала вядома, што культуроляг Аксана Зарэцкая, якую затрымалі 13 студзеня, знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага, ёй інкрымінаваны арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак»).
Паводле папярэдняй інфармацыі, судовы працэс над Зарэцкай адбудзецца ў лютым. Яе будуць судзіць разам з палітзьняволеным заснавальнікам кампаніі Astronim і фэстывалю маркетынгу і рэклямы «Белы квадрат» Багданам Караўцом.
- Аксана Зарэцкая вядомая сваімі лекцыямі пра культуру, майстар-клясамі з этыкету, публікацыямі і тэлевыступамі. Яна стваральніца Школы дзелавой культуры і этыкету, выкладчыца культуралёгіі і эстэтыкі, філязофіі і дыпляматычнага пратаколу. Валодае францускай і ангельскай мовамі. Суарганізатарка першага ў Беларусі Венскага балю, традыцыя якога ўключаная ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.
- Ад жніўня 2020 году Аксана Зарэцкая ўваходзіла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, дзе займалася пытаньнямі арганізацыі сходаў і навучаньня мясцовых суполак, а таксама праводзіла лекцыі-сустрэчы пра нізавую дэмакратыю і прынцыпы самакіраваньня на прыкладзе Швайцарыі, дзе яна пражыла больш за 10 гадоў.
Затрымалі праваслаўнага верніка з Гомля Андрэя Пуканава
Па інфармацыі «Хрысьціянскай візіі», 18 студзеня затрымалі Андрэя Пуканава — праваслаўнага верніка, бакаляўра багаслоўя, выкладчыка нямецкай мовы з Гомля.
Сілавікі прыйшлі да яго на працу, а па месцы жыхарства правялі ператрус. На гэты момант няма інфармацыі ні пра тое, дзе Пуканаў знаходзіцца, ні аб прычынах затрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 студзеня: студэнта затрымалі за «заклік да беспарадкаў» у 2020-м, калі яму было 15 гадоўУ Менску сілавікі затрымалі некалькіх чалавек
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні Аляксандра Сазонава, Эвэліны Козіч і Яны Зябко (паводле зьвестак «Вясны», Зябко ў 2020 годзе вучылася ў БДМУ і атрымала штраф за ўдзел у акцыі пратэсту). Прычыны затрыманьняў невядомыя.
Таксама ўчора сілавікі затрымалі ў Менску Вадзіма Шафранскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’ю Лосік пакаралі 2 гадамі калёніі за інтэрвію пра мужа-палітвязьня. Іхнай дачцэ 4 гады